Белорусская женская лига
Общественная организация English | Русский
Свецкая жаночая дабрачыннасць у першай чвэрці XIX ст.

У XVIII ст. манаполію на дабрачынную дзейнасць трымала царква. Яна выступала і як дабрачынца, і як адрасат дабрачынных ахвяраванняў з боку свецкіх асобаў. Дзеля выратавання «грэшнай душы» прадстаўніцы шляхты ў індывідуальным парадку ахвяравалі вялікія грашовыя сумы ў спадчыну кляштарам, на пабудову капліц і шпіталяў. Такой дзейнасці было цалкам дастаткова як для выратавання душы, так і для асабістага прэстыжу, які ў шляхцянак і так быў вельмі высокі як у грамадскім, так і ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай1.

У пачатку XIX ст. дабрачынная дзейнасць у літоўска-беларускіх губернях набывае новыя рысы. Акрамя традыцыйнай царкоўнай дабрачыннасці, якая натуральна ўваходзіць у рэлігійную дактрыну (дапамога хворым, бедным, сіротам), з'яўляецца дабрачыннасць свецкая, якая робіцца ўжо не толькі паказальнікам хрысціянскай міласэрнасці, а набывае вагу на грамадскім узроўні. Такая трансфармацыя была, з аднаго боку, абумоўлена эканамічна-прававымі зменамі: змена дзяржаўнасці (падзелы Рэчы Паспалітай), значнае збядненне і зніжэнне прэстыжу мясцовай шляхты ў сістэме Расійскай імперыі. 3 іншага боку, значную ролю адыгралі грамадска-культурныя фактары, да якіх можна аднесці «прэстыж» і «моду». Разгляд дабрачыннасці праз прызму «прэстыжнага» і «моднага» дае магчымасць убачыць ролю жаночай часткі мясцовага набілітэту ў стварэнні арганізаванай дабрачыннасці ў выглядзе разнастайных таварыстваў, а таксама змены формы і зместу самой гэтай дзейнасці.

Пачаткам свецкай дабрачыннасці ў Вільні можна лічыць пераезд у 1805 г. з Вены прафесара Франка з жонкай. Яшчэ ў Аўстрыі яны распачалі звычай правядзення канцэртаў і відовішчаў. У 1801 г. пані Франкава, якая валодала надзвычайным вакальным талентам, дала канцэрт дзеля падрымкі параненых жаўнераў. Гэтая незвычайная акцыя прынесла значную грашовую суму вайсковаму шпіталю, а таксама публічную падзяку Франкавай ад аўстрыйскага ўрада2. Калі пачаткова прыгожае мастацтва было выкарыстана ў адносінах да вайскоўцаў, то крыху пазней такога кшталту дабрачыннасць стала выкарыстоўвацца для «аказання дапамогі хворым і бедным цывільнага стану»3.

У Вільні «нічога падобнагатаму звычаю (правядзенню дабрачынных канцэртаў - А.Н.) не было аж да 1805 году, ці дакладней да прыезду пана прафесара Франка з жонкай»4. Ужо 16 студзеня 1805 г. у Вільні прафесар Франк арганізаваў першы канцэрт «аматараў на бенефіс шпіталю РР» (сясцёр міласэрнасці). Акрамя Франкавай у канцэрце прымалі ўдзел жонка генерала Баранава де Бененгаўзен, якая акампанавала ў арыі і санаце, і жонка Ласковіча, якая грала на арфе. Гэтая імпрэза мела шырокі грамадскі рэзананс, бо, нягледзячы на тое, што «дзень канцэрту быў недастаткова абвешчаны, афіша позна надрукавана, аднак зала не магла змясціць усіх жадаючых». Варта адзначыць, што акрамя непасрэдных удзельніц відовішча, некаторыя жанчыны былі заняты ў падрыхтоўчых мерапрыемствах: пані Лахніцкая і Храпавіцкая збіралі плату за білеты на карысць бедных (было распаўсюджана 400 білетаў), а пані Лісаневічава, у доме якой адбываўся канцэрт, не прыняла аплату за выкарыстанне залы і асвятлення5.

Наступствы гэтага канцэрту былі нечаканыя, але паказальныя: пачаўся канфлікт паміж прафесарам Франкам і сёстрамі міласэрнасці, якія, узяўшы грошы, сказалі, што «будуць выкарыстоўваць іх, як сваю уласнасць для аплаты пазык і на рамонт капліцы, і нічога з гэтай сумы не пайшло на карысць шпіталю і хворых». У такіх варунках прафесар Франк выбраў іншы кірунак дзейнасці. Ён прадаставіў 27 лютага 1806 г. віленскаму біскупу Касакоўскаму праект стварэння дабрачыннай арганізацыі, якая мела на мэце лекарскую дапамогу і забеспячэнне бясплатнымі лекамі бедных горада Вільні. Як адзначана ў праекце, «таварыства магло бы называцца Філантрапічным таварыствам... Кожны член таго таварыства збіраў на гэтае прызначэнне ўзносы сярод сваіх знаёмых, а прыбытак з аматарскіх канцэртаў каб складаў фундуш касы.»6 Ініцыятыва прафесара Франка атрымала не толькі падтрымку біскупа, а таксама будынак пад «дом акадэмічны»(клініку), які перад гэтым належаў князю Мацею Радзівілу. Гэта быў пачатак інстытута вядомага пад назвай «clinikum ambulatorium»7. Пра наступны канцэрт сваёй жонкі, які мусіў адбыцца ў вялікім віленскім тэатры, прафесар Франка паведаміў на старонках газеты «Кuryer litewski» за 21 сакавіка 1806 г., а разам з гэтым абвясціў мэты, на якія будзе выкарыстаны даход ад продажу білетаў - «на лекі для хворых, якія не ў стане заплаціць самі»8.

Канцэрты, якія ладзіў прафесар Франк, збіралі вялікую колькасць слухачоў і сталі часткай свецкага жыцця, а абвешчаныя філантрапічныя мэты надавалі ім грамадскай значнасці. Таму прымаць удзел у гэтых канцэртах стала і модна (на ўзроўні свецкага жыцця) і прэстыжна (на грамадскім узроўні, бо пераследвалі мэту агульнагарамадскага дабрабыту). Такім чынам, у трэцім канцэрце, акрамя самой Франкавай, спявалі графіня Шуазель з Патоцкіх і Станіслаў Тышкевіч. Варта адзначыць і тое, што ў час гэтага канцэрта акрамя ахвяравання таленту (спевы, музычнае выкананне) з'явілася новая форма ахвяравання - спецыяльна напісаныя музычныя творы. Напрыклад, быў выкананы паланез, музыка і словы якога належалі сенатару М.К.Агінскаму, які ў некаторай ступені з'яўляўся гімнам дабрачыннасці9.

Чацвёрты канцэрт у 1808 г. адбыўся ў яшчэ больш пашыраным складзе. Акрамя Франкавай спявалі баранэса Бенінгсен з Анджэйковічаў, пані Шуазэль з Патоцкіх і пані Касакоўская з Патоцкіх, а таксама акцёры віленскага тэатра з пані Неймалоўскай - настаўніцай музыкі. Усе сабраныя сродкі пайшлі на карысць клінікі прафесара Франка, які ўжо два гады займаўся бясплатнымі лекамі для бедных10.

Пра маштаб і папулярнасць дабрачыннай дзейнасці ў форме відовішчаў сведчыць пастаноўка вялікай і славутай араторыі Ё. Гайдна «Стварэнне свету» ў тым самым 1808 г. Грандыёзнасць праекту вымагала значных грашовых укладанняў, таму выдаткі на арганізацыю гэтага канцэрта ўзяло на сябе Віленскае таварыства дабрачыннасці,якое было на ўзор Франка заснавана біскупам Касакоўскім у 1807 г.11 Гэты канцэрт (пяты па ліку) адбыўся 29 студзеня 1809 г. у вялікай зале віленскай ратушы пры ўдзеле 130 акцёраў з дзвюх бліжэйшых губерняў12. У 1810 г. была прадстаўлена опера «Рамео і Джульета», у якой, акрамя пані Франкавай, удзельнічалі і іншыя аматары. Фінансаванне гэтай акцыі (каштоўныя дэкарацыі і строі) зноў было з касы таварыства дабрачыннасці13.

Варта адзначыць і тое, што дабрачынныя канцэрты-відовішчы зрабілі больш разнастайным свецкае жыццё і адначасова сталі крыніцай прыбытку на патрэбы дабрачыннасці, да таго ж праз гэтыя акцыі з'явілася магчымасць публічна дэманстраваць таленты, не губляючы ў сваім сацыяльным статусе. Пачатая ў Вільні мода на публічныя дабрачынныя канцэрты распаўсюдзілася па іншых гарадах. Так, у 1821 г. ў Гродне, ва ўласным доме грамадзянскага губернатара Андржэйкоўскага адбыўся фартэп'янны канцэрт яго адзінаццацігадовай дачкі Меланіі, чый «малады і знакаміты талент не мог знайсці лепшага прызначэння». Усе сабраныя сродкі пайшлі на дом бедных у Гродна14. Падобны канцэрт дванаццацігадовай Антаніны Багашэўскай, якая «прысвяціла свой цудоўны музычны талент на патрэбу людзкога цярпення», адбыўся ў Мінску ў 1821 г.15

Такім чынам канцэрты і відовішчы можна разглядаць як адну з формаў жаночай дабрачыннасці. Бо жанчыны не толькі актыўна ўдзельнічалі ў культурных акцыях у якасці выканаўцаў, але, будучы асноўнымі спажыўцамі прапанаваных імпрэзаў, адначасна з'яўляліся фінансавай крыніцай дабрачыннасці.

Іншым кірункамдабрачыннасці стаў удзел прадстаўніц набілітэту ў дабрачынных арганізацыях (таварыствах). Варта адзначыць некалькі варыянтаў такога ўдзелу. Першай формай і, напэўна, самай пашыранай, было шараговае членства ў дабрачынных арганізацыях. Амаль усе статуты дабрачынных таварыстваў ствараліся на ўзор Віленскага дабрачыннага таварыства (статут якога быў зацверджаны расійскім манархам) і ўтрымлівалі аднолькавыя ўмовы ўдзелу. Так, таварыства дабрачыннасці ў Брэсце (ад 9 чэрвеня 1809 г.) было ўтворана на падабенства Віленскага таварыства і дэкларавала, што лічба членаў таварыства не будзе мець абмежаванняў, «ні ў розніцы стану, нараджэння і рэлігіі». А асобы жаночага полу плацяць «падобныя ўзносы, або збіраюць міласэрныя ахвяраванні і будуць унесены ў спецыяльную кнігу пад назвай «Асобы, дапамагаючыя таварыству»16. Падобныя правілы ўтрымліваў і статут таварыства дабрачыннасці Наваградскага павету, якое «бярэ за узор правілы Віленскага таварыства, зацверджаныя манархам»17. I таксама колькасць членаў таварыства не мела абмежаванняў, але была «патрэбна рэкамендацыя за подпісамі 3 членаў, пра годнасць і добрыя памкненні жадаючай асобы». Прадстаўніцы жаночага полу таксама «плацяць узносы, або збіраюць міласэрныя ахвяры, і як кожная асоба ў таварыстве будуць старацца па сваей магчымасці прыкладаць намаганні да сталага фундушу і зацікаўлення іншых асобаў»18. На такіх жа прынцыпах было заснавана Таварыства дабрачыннасці ў Мінску (1811 г.)

Яшчэ больш пераканаўча «пра раўнапраўнае» стаўленне да жанчын, як да шараговых членаў, сведчаць справаздачы дабрачынных таварыстваў. Іх не вылучаюць у асобную групу, а звесткі падаюцца па відах ахвяраванняў (штогадовыя ўзносы, разавыя ўзносы, ахвяраванні рэчамі і г.д.) ці ў парадку ўнясення грашовых сродкаў у касу. Калі паглядзець з фінансавага пункту гледжання, то прадстаўніцы набілітэту мелі значны ўплыў.

Напрыклад, Гродзенскае таварыства дабрачыннасці атрымала будынак для таварыства - дом графіні Касакоўскай з Патоцкіх, якая аддала яго ў распараджэнне «на вечныя часы»19. А па данясенні з Гродна ад 14 лютага 1820 г. «пані Александровіч з Плятэраў, уладальніца маёнтка ў Лідскім павеце, на Дом Таварыства дабрачыннасці падаравала суму 400 рублёў срэбрам, і засведчыла ў лісце да грамадзянскага губернатара, што ва ўзгаданым маёнтку для сваіх сялян заклала школу ўзаемнага навучання»20. Шмігельская краўчына Браслаўская - у тэстаменце ад 7 красавка 1820 г. - запісала на Таварыства Дабрачыннасці 4000 злотых і асобна на вязняў і для раздачы бедным21.

Усе гэтыя звесткі паказваюць своеасаблівую «эмансіпацыю» унутры дабрачынных таварыстваў, якая абгрунтоўвалася прыцягненнем новых членаў дзеля пашырэння крыніцаў фінансавання. Аднак побач з прынцыпам роўнасці членаў таварыства завязваецца новая тэндэнцыя. Гэта бачна праз друкаваныя справаздачы, што падаюць звесткі не толькі пра прыватныя ахвяраванні, публічныя забавы, а таксама пра ахвяравальныя зборы, якія з'яўляліся «кожны год адной з галоўных крыніцаў даходу»22. Гэтымі ахвяравальнымі зборамі ў час вялікіх рэлігійных святаў (на Каляды і на Вялікдзень) займаліся выключна жанчыны. Так, Гродзенскае таварыства дабрачыннасці (12 снежня 1819 г.) паведаміла, што «ў тым годзе (1819) гэтую паслугу выконвалі шаноўныя дамы: Ромерава з Пузынаў, Бялшская, Марыя Мірская, графіня Габрыэля Валеўская, Капшова»23. Віленскае таварыства дабрачыннасці таксама паведамляла грамадскасці пра «вяліканочныя ахвяраванні», якія збіралі Терэза з Вейсенгофаў Салтанава з Актавіяй Кубіцкай, Княжна Елізабета Гедройц з Элеанорай Гелгудавай, Марыя Малецкая, Саламея Бецю з Аляксандрай Бецю, Канстанцыя з Талпіцкіх Корсакава, Людавіка Горская, Альжбета Рагоўская24.

Напэўна, хрысціянскія і філантрапічныя матывы, а таксама публічная падзяка праз перыядычныя выданні надавала гэтай працы грамадскай значнасці, што, па сутнасці, было прэстыжным. А тое, што спісы падаваліся ў парадку ўнясення грошай ў касу25, давала магчымасць праявіць сябе не толькі прадстаўніцам вядомых радоў, а таксама не менш амбіцыйным, але больш сціплым у маёмасным плане прадстаўніцам мясцовай шляхты.

Для свецкай дабрачыннасці характэрны пастаянны пошук новых крыніцаў прыбытку і прыцягненне ўсё новых членаў. У гэтым плане было паказальным адкрыццё ў Вільні ў 1818 г. крамы для продажу хатняга рукадзелля26. У сувязі з гэтай падзеяй быў апублікаваны зварот «да шаноўнага прыгожага полу» ў якім запрашалі «поўных міласэрнасці і літасці дам узбагаціць краму бедных ахвяраваннем работ сваіх уласныхрук», бо «тыя, хто хоча чыніць дабро і не заўсёды гатовыя даць грошы, маглі б ахвяраваць той краме фанты рознага гатунку, хоць бы найменшай вартасці...». У выніку «розныя дамы ахвяравалі рознага віду ўласныя работы»27. Як вядома, хатняе рукадзелле (вышыванне, пляценне карункаў і інш.) было абавязковай часткай хатняга баўлення часу шляхцянкамі, і прадукт такой працы ўспрымаўся як пабытовая частка хатняй атмасферы, нягледзячы на якасць выканання. Аднак такія рэчы, патрапіўшы ў краму, набывалі іншую вартасць, разглядаліся і ацэньваліся як мастацкія творы. Для аўтарак кошт і набыццё іх прац давала магчымасць прадэманстраваць свой мастацкі густ і талент.

Больш развітай формай удзелу жанчын у свецкай дабрачыннай дзейнасці былі жаночыя дабрачынныя таварыствы (гэта не выключала іх шараговага членства ў агульных дабрачынных таварыствах). Для тагачаснага грамадства такая з'ява была незвычайнай, і спачатку ставіліся да яе досыць скептычна.

Першая жаночая дабрачынная арганізацыя ўзнікла ў структуры Віленскага таварыства дабрачыннасці. У лістападзе 1809 г. было ўтворана жаночае таварыства пад назван Інстытут мацярынства. Як паведамлялі «Dzieje dobroczynnosci krajowej i zyahraniczniey»: «Цяжка паверыць, што тады было шмат недарэчных чутак і жартаў з жаночага таварыства. На шчасце, некалькімі месяцамі пазней такі ж інстытут узнік у Францыі, са згоды ўрада. Гэтая акалічнасць спыніла ў нас чуткі, і была палічана пазітыўнай з'явай»28.

Звесткі пра прыбытак, выдаткі і дзейнасць віленскага Інстытута мацярынства ўтрымліваюцца ў «рахунку, здаванаму публічнасці» ад 7 лістапада 1809 г. Асноўнай мэтай гэтай арганізацыі быў клопат і апекаванне цяжарнымі жанчынамі, якія не мелі сродкаў існавання. Таварыства аказвала стацыянарную дапамогу, што прадугледжвала прафесійную акушэрскую дапамогу і ўтрыманне парадзіхаў. На час побыту ў Інстытуце мацярынства жанчыны забяспечваліся харчаваннем (22 фунта добрага мяса і булкі пшанічнага хлеба), а таксама пялюшкамі для немаўлят і, у выпадку патрэбы, лекамі. Прэзідэнткай гэтага таварыства была баранеса Бенінгсен, віцэ-прэзідэнткай -Касакоўская, сакратаркай - Франкава. У арганізацыі працавалі 4 акушэркі - Заверава, Лінковічава, Арамовічава і Манстовічава. Членамі таварыства таксама былі: Брахоцкая, Ганс, княжна Гедройц, Гурская з дому Шумкоўска Чэснікава, Гурска (старасціна), Грабоўская, Гутт, Гувалдава, Язерская, Корбутава, Краснаскул, Лахніцкая, Ліневічава, Лобенвейн, Лапата, Любашынская, Малеўская, Манзельман, Міцкевічава, Мірская, Мараўская з Бржастоўскіх Плятэрава, Пінабелава, Пржэсміцкая, Радзішэўская, Рейсер, Ромер, Раманоўская, Сальмановічава, Саўндэрс, Шварц, Снядзецкая, Сабецкая, Стейнінгер, Стубілевічава, Шумская, Тэфінбах, Ваўржэцкая, Залеская29.

Прыбытак таварыства складаўся з членскіх узносаў, а таксама з дабрачынных канцэртаў і відовішчаў. Напрыклад, быў арганізаваны ў Вільні маскарад, білетамі на які былі каштоўныя філіжанкі, падараныя таварыству баранесай Бенігсэн (да вайны 1812 г. гэтыя філіжанкі адыгрывалі ролю фантаў, якія заўсёды вярталіся ва ўласнасць таварыства). У 1810 г. была дадзена ўжо ўзгаданая вышэй опера «Рамео і Джульета» з удзелам Франкавай, якая на той момант была сакратаркай Інстытута мацярынства. Яшчэ адна опера прайшла ў 1811 г. Ахвяраванне на карысць гэтай арганізацыі зрабіў нават Аляксандр I, падарыўшы 100 чырвоных злотых. На жаль, пасля вайны 1812 г. Інстытут мацярынства не здолеў аднавіць сваю дзейнасць30. Характэрнай рысай гэтай арганізацыі было тое, што яна была створана жанчынамі для жанчын, бо наступныя дабрачынныя арганізацыі, арыентуючыся на медычную дзейнасць, бралі пад апеку бедных без полавага падзелу.

У 1819 г. з'явілася жаночая дабрачынная арганізацыя ў г. Слуцку Мінскай губерні. Пачатак яму паклала заснаванне дома міласэрнасці па ініцыятыве ўладальніцы г. Слуцка. У гэтым таварыстве ўдзельнічалі: Непакаечыцкая, Баранава, Стэлатамашэўская, Корсакава, Раецкая, Дублянская, Раетанава, Адынцова, Ваніловічава, княжна Радзівіл, Чарноцкая, Кабылінская, графіня Чапская, Магнушэўская, Ваноўская, Дамашкевічаўна11.

Варта адзначыць тое, што часам жаночыя дабрачынныя арганізацыі ўзнікалі спантанна, але, нягледзячы на гэта, дакладна і функцыянальна афармлялі сваю арганізацыйную структуру і дзейнасць, ставші акрэсленыя грамадска карысныя мэты. Прыкладам такой арганізацыі было Дамскае таварыства вакцынацыі ў Расенях32.

У данясенні да губернскага маршалка Літоўска-Віленскага П. Ромера гаварылася пра тое, што 13 чэрвеня 1819 г. на бале, дадзеным у мястэчку Расенях, абывацелькі краю ўнеслі праект стварэння дамскага таварыства. Мэтай гэтай арганізацыі было прышчапленне каровінай воспы, каб па меры магчымасці зменшыць распаўсюджванне гэтай хваробы. Арганізацыя брала за ўзор статут Віленскага інстытута вакцынацыі. Гэтую прапанову падпісалі 17 дам31. 24 студзеня 1821 г. была дадзена згода віленскага генерал-губернатара Рымскага-Корсакава на стварэнне дамскага таварыства для вакцынацыі воспы. Ён жа выказаў і падзяку: «дамам, што ўваходзяць у тое таварыства, за хвалебны іх зачын... душэўная ўдзячнасць»34.

Таварыства было заснавана і складалася з жанчын, але да ўдзелу запрашаліся дабрадзеі абодвух палоў, «хто праз грашовыя ахвяры жадае далучыцца да павелічэння фундуша таварыства». Дарэчы, кожная з сяброў арганізацыі па статуце была абавязана навучыцца вакцынацыі і ведаць розніцу паміж сапраўднай і фальшывай вакцынай, а таксама на працягу года прыцягнуць да ўдзелу новага члена, які будзе прымацца на агульным сходзе таварыства. Спіс заснавальніц таварыства складаўся з 17 асобаў: Анелія з Кошыцаў Белівічова, Барбара з Шыруцаў, Антаніна Гувалтава, Юзэфа Луткевіч, Юзэфа Белазёрава, Тэкля Гераманава, Ружа Прецішэўская, Кунегунда Даўгірдава, Барбара Шамётава, Іоанна Шамётава, Пракседа Гурская, Багуміла Гурская, Ёанна Гурская, Тэрэза Манкевіч, Вераніка Сабалеўская35.

Фундуш таварыства вакцынацыі складаўся са штогадовых узносаў (абавязковых) ад кожнай асобы ў памеры 25 злотых, дабраахвотных ахвяраванняў пасля абавязковага ўзносу, а таксама рознага кшталту падарункаў. Выдаткі гэтай арганізацыі былі значнымі: набыццё дома для таварыства, утрыманне канцылярыі, закуп і рассылка неабходных матэрыялаў, кнігі з інструкцыямі, кніп для запісу вакцынаваных асобаў і г.д.

Структура таварыства была дастаткова няпростай. Яно складалася з двух аддзелаў. Адміністрацыйны працаваў пад началам прэзідэнткі, якую выбіралі штогод. У яго склад уваходзілі таксама скарбніца, сакратар, доктар, моўца. У другі аддзел - апякунскі - уваходзілі ўсе, не выключаючы і прэзідэнтку. Яе абавязкі былі дастатковашырокімі: атрымліваць карэспандэнцыю, кантраляваць усе выдаткі, яна мела права подпісу фінансавых дакументаў, атрымлівала справаздачу ад кожнай апякункі. Яна таксама павінна была клапаціцца пра медычныя прылады, адказваць за збор і адсылку вакцыны і кніг для запісу вакцынаваных асобаў. Віцэ-прэзідэнтка замяшчала яе ў выпадку хваробы ці ад'езду. Скарбніца ўтрымлівала касу, прымала прыбыткі і вылічвала выдаткі, рабіла справаздачу на кожным пасяджэнні таварыства. Лекар пільнаваў матэрыялы і вакцыну, а таксама вучыў рабіць вакцынацыю.

Функцыі аддзела апекі былі не менш складанымі і падкантрольнымі адміністрацыйнаму аддзелу. Кожная з удзельніц таварыства была абавязана ўзяць ад 60 да 100 сялянскіх дамоў пад апеку, даведацца, хто з сялян не перахварэў на воспу і прышчапіць ім вакцыну каровінай воспы. Праз час тым, хто прайшоў вакцынацыю, выдавалася друкаванае пасведчанне, і яны былі ўнесены ў кнігу запісаў. Апякункі двойчы на год наведвалі дамы, што былі пад апекай: збіралі звесткі пра народжаных або пра тых, хто нядаўна пераехаў і пераконвалі зрабіць прышчэпку. Праз кожныя 6 месяцаў кожная з апякунак павінна была даць справаздачу пра колькасць вакцынаваных. Пры канцы кожнага года складалася агульная справаздача, якая абвяшчалася на агульным пасяджэнні. На гэтым жа пасяджэнні абмяркоўваўся эпідэмічны стан у акрузе: ці воспы ўвогуле не было, ці, у іншым выпадку, падлічвалася колькасць ахвяр. Акрамя штогадовага агульнага пасяджэння прэзідэнтка або намесніца мелі паўнамоцтвы сабраць надзвычайнае пасяджэнне ў выпадку нечаканага распаўсюджвання воспы ў правінцыі36.

Дзейнасць жаночых арганізацый насіла выключна практычны характар і была арыентавана, у асноўным, на медычную дапамогу і апекаванне беднымі. Прадстаўніцы набілітэту пачалі выстутаць у якасці міласэрных сясцёр і апякунак хворых, пасоўваючы ў гэтай сферы жаночыя рэлігійныя ордэны. Праз такую дзейнасць яны атрымалі магчымасць авалодаць новымі навыкамі і ведамі ў медычнай сферы, якая традыцыйна была мужчынскай.

Арганізаваная форма жаночай дабрачыннасці была не толькі карыснай грамадству, але і мела значэнне для грамадзянскай супольнасці. Маючы трывалую структуру і грашовыя сродкі, жаночыя арганізацыі рабіліся дастаткова ўплывовымі. Грамадства не толькі спрыяльна паставілася да жаночай ініцыятывы, але і было зацікаўлена ў пашырэнні гэтай дзейнасці, пра што сведчыць адозва да шляхцянак Слуцкага дабрачыннага таварыства. «Дочкі любімай Айчызны! Патрыятычнае пачуццё, якое адвеку полькам нашым уласціва, запіша вашыя імёны ва ўспамінах вашых унукаў. А справы нацыянальныя будуць сведчыць, што дамы шаноўнага Слуцкага павету не далі сумнявацца ў дабраце сваёй душы»37.

Такім чынам, свецкая дабрачыннасць дала магчымасць прадстаўніцам набілітэту знайсці новую сферу рэалізацыі сваіх амбіцый, набыць значнасці ў тагачасным грамадстве. Будучы непасрэднымі ўдзельніцамі модных дабрачынных акцый, яны атрымалі магчымасць публічна дэманстраваць свае таленты, што не магло не паўплываць на развіццё мастацтва і ўзровень культуры. А стварэнне жаночых арганізацый, якія мелі строгую структуру, статут і мэты, было карысным не толькі грамадству: самі жанчыны набылі магчымасць набываць новыя навыкі, напрыклад, у галіне медыцыны, а таксама і ў сферы адміністрацыйнай працы.

 

ЛІТАРАТУРА

1 Гл: Гардзіенка Н. Грамадска-палітычная дзейнасць жанчын шляхецкага саслоўя ў Рэчы Паспалітай у XVIII ст. // Terra Historzka. Мн., 2002. № 1. С.24-34.
2 Dzieje dobroczynnosci krajowej i zyahraniczniey. Wilno. 1820. S.132.
3 Там жа. S.133.
4 Там жа.
5 Там жа. S.134.
6 Там жа. S.134-135.
7 Там жа. S.136.
8 Там жа. S.135.
9 Там жа. S.136.
10 Там жа. S.137.
11 Там жа. S.157.
12 Там жа. S.138.
13 Там жа. S.141.
14 Dzieje dobroczynnosci krajowej i zyahraniczniey. Wilno. 1821. S.307.
15 Там жа. S.429.
16 Dzieje dobroczynnosci krajowej i zyahraniczniey. Wilno. 1820. S.100-102.
17 Там жа. S.299.
18 Там жа. S.299-302.
19 Dzieje dobroczynnosci krajowej i zyahraniczniey. Wilno. 1821. S.337.
20 Dzieje dobroczynnosci krajowej i zyahraniczniey. Wilno. 1820. S.114.
21 Там жа. S.2015.
22 Там жа. S.71.
23 Там жа. S.73.
24 Там жа. S.277.
25 Там жа. S.277.
26 Там жа. S.72.
27 Там жа. S.74.
28 Там жа. S.139.
29 Там жа. S.140.
30 Там жа. S.140-142.
31 Там жа. S.185-186.
32 Dzieje dobroczynnosci krajowej i zyahraniczniey. Wilno. 1821. S.461.
33 Там жа. S.462.
34 Там жа. S.463.
35 Там жа. S.469.
36 Там жа. S.464.
37 Там жа. S. 690.

Н. Анофранка

Версия для печати
Powered by
SAPID CMS