Белорусская женская лига
Общественная организация English | Русский
Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў XX стагоддзі

Першы сакратар Амбасады Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі Дайана Моксі вітае ўдзельнікаў выставы Выстава пад такой назвай ужо год вандруе па Беларусі. Беларуская асацыяцыя ахвяр палітычных рэпрэсій, Беларуская жаночая ліга і маладыя вучоныя краіны змоглі арганізаваць яе, дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы Амбасады Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі.

Напрыканцы мінулага тыдня чарговым месцам правядзення выставы стаў горад Заслаўе.

Чаму менавіта да гэтай тэмы звярнуліся грамадскія арганізацыі? Здавалася б, пра палітычныя рэпрэсіі напісана шмат прац, у часы перабудовы гэтая тэма не сыходзіла са старонак газет і часопісаў. Аднак сёння на Беларусі на афіцыйным узроўні тэма палітрэпрэсій замоўчваецца. I даная выстава, ініцыяваная грамадскімі арганізацыямі, — амаль што адзіны сёння ўспамін пра жудаснае мінулае нашай краіны.

Зараз ніводная навучальная ўстанова Беларусі не распрацоўвае тэму палітрэпрэсій на тэрыторыі нашай краіны ў XX стагоддзі. Непрыкметна тэма палітрэпрэсій сышла са старонак беларускіх газет і часопісаў. Некаторыя сакрэтныя фонды да цяперашняга часу застаюцца зачыненымі, і нават вучоныя не валодаюць поўнай інфармацыяй аб усім, што адбывалася ў нашай краіне ў 20-я гады, падчас сталінізму, у часы другой сусветнай вайны і пасля яе.

Падчас выставыАднак тое, што вучоным удалося здабыць, прадстаўлена на выставе "Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў XX стагоддзі". "Наша выстава дэманструе, што частка людзей абсалютна свядома змагалася з савецкім рэжымам, пачынаючы з 17-га года, — расказвае кандыдат гістарычных навук, старшыня Беларускай жаночай лігі Ніна Стужынская. — Савецкая ўлада ўсталёўвалася на Беларусі з вялікімі цяжкасцямі і мела вялікі супраціў, асабліва сярод сялян. У Нацыянальным архіве ёсць матэрыялы аб масавых высылках насельніцтва з тэрыторыі Беларусі ўжо ў 1921 годзе. Высылалі на Салаўкі, у Архангельскую і Валагодскую вобласці. Высылалі за супраціў савецкай уладзе, за імкненне нашага народа да незалежнасці, да дзяржаўнасці".

На выставе прадстаўлены копіі архіўных матэрыялаў — дакументы, якія раней немагчыма было бачыць грамадству. Яны былі схаваны ў спецсховішчах, пад грыфам "Сакрэтна" і "Сверхсакрэтна". Тут ёсць частка матэрыялаў з КДБ.

Са здымкаў глядзяць на нас першыя беларускія палітыкі, удзельнікі слуцкага паўстання, тыя людзі, якія змагаліся за незалежную Беларусь.

Пакуль выстава вандравала па Беларусі, яна абрасла маленькімі мясцовымі матэрыяламі. Людзі самі неслі свае дакументы, дзяліліся газетнымі артыкуламі даваенных часоў, дарылі фотаздымкі тых гадоў. На кожным лістку выставы — нечый лёс, трагічны і па-свойму непаўторны.

Заслаўе — перадапошняе месца правядзення выставы. А ўпершыню яна адкрылася ў Мінску ў лютым мінулага года. Гэта было вельмі вялікае мерапрыемства, дзе сабраліся прадстаўнікі Асацыяцыі ахвяр са ўсёй Беларусі, вучоныя з Англіі, Германіі, Польшчы, Францыі, Расіі, Украіны. Выстава працавала ў Мінску два тыдні, а потым пайшла вандраваць па Беларусі. Яна пабывала ў Брэсце і ў Гомеле, у Магілёве і ў Віцебску, у Маладзечне і ў Пінску, у Баранавічах і ў Наваполацку.

У Заслаўі выстава прабудзе дзесяць дзён. У верасні яе арганізатары плануюць наведаць Гродна. А пасля матэрыялы выставы будуць перададзены ў Нацыянальны музей Беларусі, штосьці — у Нацыянальны архіў. "Пройдуць гады, і ўжо новае пакаленне зацікавіцца гэтай тэмай. Менавіта гэта і ёсць наша галоўная задача — данесці праўду пра нашых продкаў, маладому пакаленню", — адзначыла Ніна Стужынская.

На фота: першы сакратар Амбасады Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі Дайана Моксі вітае ўдзельнікаў выставы "Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў XX стагоддзі" ў Заслаўі; падчас выставы.

Марыя Эйсмант.
Фота Таццяны ГАЦУРА.
"Народная воля", 22.06.1999 г.

Версия для печати
Powered by
SAPID CMS