Белорусская женская лига
Общественная организация English | Русский
МАСАВЫЯ РЭПРЭСІІ ІНТЭЛІГЕНЦЫІ

У шэрагу вялікіх бедстваў, якія напаткалі беларускі народ за гады існавання савецкай улады, найбольш цяжкімі з'яўляюцца палітычныя рэпрэсіі, згубіўшыя сотні жыццяў рабочых, сялян, інтэлігенцыі.

Асабліва балюча яны адбіліся на беларускай інтэлігенцыі, шэрагі якой і так з'яўляліся даволі малалікімі. Рэпрэсіі супраць яе пачаліся адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і датычылі тых, хто не прыняў савецкую ўладу, выступаў супраць яе, а таксама і тых, хто па сацыяльнаму паходжанню быў занесены ў лік варожых элементаў. Пільны кантроль усталяваўся і за інтэлігенцыяй, якая супрацоўнічала з савецкай упадай і нават раздзяляла яе ідэалогію.

У сваёй палітыцы да інтэлігенцыі ўлада, з аднаго боку, абвяшчала аб яе вялікай ролі ў пабудове новага жыцця, неабходнасці прыцягнення ўсіх яе прафесійных атрадаў да ўдзелу ў гэтай справе, а з другога—ужо ў рэзалюцыі XII Усерасійскай канферэнцыі РКП(б) 4—7 жніўня 1922 г. гаварылася аб тым, што нельга адмаўляцца ад прымянення рэпрэсій не толькі ў адносінах да меншавікоў і эсэраў, але і паліты-канствуючай вярхушкі мнімабеспартыйнай буржуазна-дэмакратычнай інтэлігенцыі. Працягам рэпрэсіўных мер з'яўлялася прынятае ў жніўні 1922 г. УЦВК рашэнне "Аб адміністратыўнай высылцы асоб, прызнаных сацыяльна-небяспечнымі", па якому асобая камісія пры НКУС атрымала права без суда высылаць за мяжу абвінавачаных у гэтым асоб, альбо заключаць іх у лагеры. Подобныя акты дзейнічалі і ў БССР. Ужо ў канцы лета па буйных гарадах рэспублікі былі праведзены арышты некаторых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, якія адмоўна ставіліся да савецкай улады, не згаджаліся з яе палітыкай і не ўтойвалі сваіх поглядаў. У Мінску і Віцебску пад арыштамі апынуліся некалькі інжынераў, фінансавых і эканамічных працаўнікоў і настаўнікаў.

Кантроль за інтэлігенцыяй, асабліва яе дарэвалюцыйнай часткай, не зменшыўся і ў далейшым. Пачынаючы з 1924 г., праходзілі перыядычньм чысткі навучальных і іншых устаноў, прадпрыемстваў ад так званых чужых, а потым варожых злементаў. Была створана дастаткова шырокая сістэма сыску, даносаў, назіранняў, у выніку якой амаль на кожнага прадстаўніка інтэлігенцыі складаліся асобныя характарыстыкі. У іх адзначаўся не толькі жыццёвы шлях, але і палітычныя погляды, адносіны да савецкай улады, размовы аб яе палітыцы з сябрамі і супрацоўнікамі. Па гэтых характарыстыках звальнялі з працы, рабілі чысткі, разбіралі на сходах тых, хто меў з пункту гледжання ўлады якія-небудзь памылкі. Адзін з такіх дакументаў, падрыхтаваных для ЦК КП(б)Б па матэрыялах сакрэтнага аддзелу АДПУ БССР у кастрычніку 1925 г. утрымліваў прозвішчы шмат каго з беларускай інтэлігенцыі разам са скажонымі характарыстыкамі іх палітычных поглядаў і навешанымі ярлыкамі — "шавіністы", "нацыяналісты" і інш. У ліку трапіўшых у дакумент —-актыўныя будаўнікі беларускай культуры М. Азбукін, А. Баліцкі, Я. Колас, Я. Лёсік, А. Смоліч, А. Цвікевіч і іншыя'. Яны ўяўлялі небя-спеку набіраючай моц партыйнай дыктатуры ўжо тым, што былі адукаванымі, сацыяльна актыўнымі асобамі, мелі свае погляды на раз-віццё некаторых гістарычных падзей, таму яна імкнулася пазбавіцца ад магчымых апанентаў з боку інтэлігенцыі, як пазбавілася ад усіх апазіцыйных партый. Каб зрабіць гэта, у тых умовах дастаткова было абвінаваціць няўгодных уладзе інтэлігентаў у варожых да яе адносінах.

Формай абвінавачвання паслужыў нацыянал-дэмакратызм, да якога партыйнае кіраўніцтва на працягу другой паловы 20-х гадоў падыходзіла ўсё больш непрымірыма, пакуль не ахарактаразавала яго контррэвалюцыйным. Носьбітамі нацыянал-дэмакратызму былі названы прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі: У. Ігнатоўскі, А. Баліцкі, А. Смоліч, 3. Жылуновіч, 3. Прышчэпаў, В. Ластоўскі і шмат іншых.

Ужо XII з'езд КП(б)Б (люты 1929 г.) прапанаваў весці рашучую барацьбу супраць варожых нацыянальна-дэмакратычных элементаў, а канчатковую кропку ў неабходнасці больш жорсткіх да іх адносін паставіў у сваім дакладзе на бюро ЦКК КП(б)Б 27 чэрвеня 1929 г. У.П. Затонскі, кіраўнік маскоўскай камісіі па абследаванню нацыянальнай работы ў БССР. Ён патрабаваў ад ЦК КП(б)Б не рабіць "уступак нацыяналістам" ні ў тэорыі, ні ў практыцы, "рашуча спыніць занадта зацягнуўшуюся палітыку заігрывання з вярхушкай інтэлігенцыі"2. Характарызуючы шмат каго з беларускай інтэлігенцыі з яўнай непавагай да іх працы, зрываючыся на здзеклівы тон, Затонскі рабіў свайго роду мініданосы на Б. Эпімах-Шыпілу, У. Ігнатоўскага, А. Баліцкага, М. Зарэцкага, Я. Лёсіка і іншых.

Даклад змяшчаў пагібельны для беларускай інтэлігенцыі вывад: "вялікая колькасць інтэлігенцкай вярхушкі, нягледзячы на тую ўвагу, якая ёй надаецца і нягледзячы на розныя арыентацыі — Усход альбо Захад, — у рашучы момант створыць адзіны антысавецкі фронт..."3. У тых умовах гэта вызначала неабходнасць ізаляцыі інтэлігенцыі, на якую ўжо меўся кампрамат, а потым і той, на якую ён пакуль яшчэ збіраўся.

Ужо ў 1929 г. значная частка беларускай інтэлігенцыі былаабвінавачана ў прыхільнасці да нацыянал-дэмакратызму і знята з займаемых пасад. У іх ліку нарком асветы А. Баліцкі, нарком земля-робства Д. Прышчэпаў, дырэктар Дзяржаўнага музея В. Ластоўскі, многія выкладчыкі БДУ і тэхнікумаў, сельскагаспадарчай Акадэміі. Газеты, часопісы разгарнулі сапраўднае цкаванне тых, каго АДПУ у хуткім часе сабрала пад так званай справай "Саюза вызвалення Бела-русі". У 1930 г. пачаліся арышты яе "членаў". Толькі ў ноч з 18 на 19 ліпеня ў Мінску яму падвергліся больш 25 чалавек, у тым ліку Я. Дыла, Ф. Ждановіч, М. Гарэцкі, У. Савіч, А. Прышчэпчык, А. Адзінец, Ч. Радзевіч, У. Пракулевіч.

Усяго па справе СВБ праходзілі 108 чалавек, і сярод іх акадэмікі Беларускай Акадэміі навук В. Ластоўскі, Я. Лёсік, С. Некрашэвіч, пра-фесар А. Смоліч, нарком асветы А. Баліцкі, нарком земляробства Д. Прышчэпаў, пісьменнікі М. Гарэцкі, Ул. Дубоўка, Я. Пушча, шмат хто з навукоўцаў. Усе арыштаваныя абвінавачваліся ў тым, што "з'яўляліся членамі контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі... "Саюз вызвалення Беларусі," ажыццяўлялі арганізава-нае шкодніцтва на культурным, ідэалагічным і іншых участках сацыялістычнага будаўніцтва, праводзілі антысавецкую нацыя-налістычную агітацыю, накіраваную на запавольванне тэмпаў развіцця Беларусі на сацыялістычным шляху, ставячы канчатковай мэтай адарванне Беларусі ў этнаграфічных межах ад Савецкага Саюза, стварэнне так званай Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР)"4.

Нягледзячы на маральны ціск, які прымянялі да арыштаваных след-чыя, а да некаторых і фізічныя меры ўздзеяння, на папярэднім следстве поўнасцю вінаватымі прызналі сябе толькі 25 чалавек, больш за 40 поўнасцю адмовілі сваю віну і каля 25 прызналіся часткова. У працэсе следства 18 чалавек былі прызнаны невінаватымі і вызвалены з турмы. Сярод іх Б. Эпімах-Шыпіла, П. Бузук, М. Байкоў, М. Бурштын, Л. Дашкевіч, А. Дайлідовіч і іншыя. Амаль усе яны зноў арыштаваны і асуджаныў 1936—1937 гг.

Па сфальсіфікаванай справе СВБ 90 прадстаўнікоў інтэлігенцыі атрымалі розныя тэрміны зняволення, з іх 89 беларусаў і 1 рускі. А. Адмовіч, А. Баліцкі, П. Ільючонак, Д. Прышчэпаў, справа якіх у снежні 1930 г. выдзелена у асобную — па 10 гадоў зняволення ў канцлагерах, 8 чалавек па 5 гадоў — М. Адзярыха, Я. Бядрыцкі, А. Дарашэвіч, П. Жаўрыд, Ф. Ждановіч, М. Каспяровіч, А. Сак, I. Цвікевіч, I. Біндзюк— на 3 гады. Астатнія—да 5 гадоў высылкі з Беларусі ў розныя аддаленыя раёны СССР. Сярод іх М. Азбукін, М. Гарэцкі, А. Гурло, М. Гурскі, М. Грамыка, У. Дубоўка, В. Ластоўскі, Я. Лёсік, С Некрашэвіч, П. Трамповіч, А. Смоліч, А. Цвікевіч, М. Шчакаціхін і шмат іншых вядомых грамадскіх дзячоў навукі і культуры. Гэта быў непапраўны ўдар для Беларусі, яе навукі, культуры і гаспадаркі. Лепшыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі гвалтоўна пазбаўляліся магчымасці не толькі займацца творчай працай на карысць сваёй Радзіме, але і наогул — па-чалавечы жыць. Толькі адзінкам з іх праз дзесяцігоддзі ўдалося вярнуцца на Беларусь, астатнія па адбыцці тэрміна зняволення атрымалі новыя абвінавачванні і былі асуджаны да вышэйшай меры пакарання, альбо да новых гадоў зняволення ў канцлагерах. Як адзначае даследчык палітычных рэпрэсій на Беларусі У. Адамушка, "з 826 чалавек, якія праходзілі па спісе ўдзельнікаў беларускага нацыянальнага руху 1917— 1924 гг. (а гэта ў абсалютнай большасці прадстаўнікі інтэлігенцыі — Н.В.) рэпрэсаваны ўсе, хто застаўся пражываць на тэрыторыі СССР".5

Справа СВБ з'яўлалася першай масавай хваляй тэрору супраць беларускай інтэлігенцыі і адчыніла вялікі пералік розных спраў 30-х гадоў, зрабіўшых жудасную чыстку сярод інтэлігенцыі рэспублікі. У маі 1931 г. АДПУ сфальсіфікавала і "выкрыла" справу "Працоўнай сялянскай партыі", па якой асуджана на розныя тэрміны зняволення і высылкі 59 чалавек, па беларускаму філіялу "Прампартыі" пастановай калегіі АДПУ Беларусі ад 12 верасня 1931 г. рэпрэсавана 30 чалавекбі г.д.У шэрагу іх — значная частка беларускай інтэлігенцыі. Нешмат-лікія яе шэрагі, з вялікай цяжкасцю сабраныя ў 20-я гады У. Ігнатоўскім, А. Баліцкім, С. Некрашэвічам і інш., былі спустошаны ўжо ў пачатку 30-хгадоў.Улютым 1931 г.першысакратарЦККП(б)БК.В.Гейізагадчык культпропа ЦК КП(б)Б А.А. Чарнушэвіч прасілі Маскву "неадкладна прыслаць у БССР навуковых работнікаў па эканамічных дысціплінах" для выкладчыцкай і навуковай працы. Пры-чына гэтага — арышты "у сувязі з выяўленнем контррэвалюцыйных шкодніцкіх арганізацый, значнай групы асоб, працаваўшых у Дзяржплане, ВСНГ і іншых установах. У сувязі з гэтым шэраг вузаў, і ў першую чаргу БДУ, апынуліся "у катастрафічным стане і стаялі перад зрывам заняткаў і нават поўным закрыццём шэрагу адцзяленняў".

У 1931—1932 гг. пракацілася хваля арыштаў сярод працаўнікоў сельскай гаспадаркі, атаксамаўстаноў, якія займаліся распрацоўкай яе розных пытанняў. Узніклі справы "Беларускага філіяла працоўнай сялянскай партыі", "Белтрактарацэнтра", "Ветэрынарных урачоў". Толькі па ім было арыштавана і асуджана звыш 800 чалавек. Шмат хто зпрацаўнікоў Народнага камісарыята земляробства БССР, Навукова-даследчага Інстытута сельскай гаспадаркі, Віцебскага ветэрынарнага інстытута трапілі ў турмы. Сярод іх Р. А. Бонч-Асмалоўскі — старшыня сельскагаспадарчай секцыі Дзяржплана, кваліфікаваныя спецыялісты па аграноміі, землеўпарадкаванню, статыстыкі НК земляробства — Б. Хоцкі, А. Міхайлаў, В. Ліодт, А. Папялышка, дырэктар Навукова-даследчага інстытута сельскай гаспадаркі Г. Гарэцкі, акадэмік А. Дубах, прафесар Віцебскага ветэрынарнага інстытута В. Макавейскі і інш. Але ж самыя масавыя арышты з гэтых спраў ішлі па Белтрактарацэнтры, па гэтаму аб'яднанню рэпрэсіям падверглася 546 чалавек. Па сутнасці амаль паўнасцю знішчаліся тыя невялікія кваліфікаваныя кадры, якія працавалі ў цэнтральных кіруючых органах сельскай гаспадаркі і на месцах, бо адначасна шло выкрыццё "ворагаў народа" па раёнах. У верасні 1932 г. АДПУ БССР ліквідавала ў Мазырскім раёне так званую контррэвалюцыйную арганізацыю "Сялянскіх саюзаў". У яе кіраўніцтве абвінавацілі сельскагаспадарчых спецыялістаў з дарэвалюцыйнай інтэлігенцыі. Па гэтай справе толькі ў адным раёне праходзіла звыш 70 чалавек.7

У 1933 г. НКУС БССР ўзбудзіла справу па дзейнасці яшчэ адной контррэвалюцыйнай арганізацыі "Беларускага нацыянальнага цэнтра". Следчымі адзначалася, што гэтая арганізацыя нібы рас-паўсюджвала сваю дзейнасць на значную частку тэрыторыі Беларусі:

"а) на культурным фронце: БАН, НКасветы, Дзяржаўную бібліятэку, Саюз савецкіх пісьменнікаў, Белта, Радыёцэнтр, рэдакцыю газеты "Звязда"і інш.;

б) ВНУ — Горацкую сельскагарспадарчую акадэмію, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Энергетычны Інстытут, навукова-даследчыя інстытуты і інш.;

в) Савецкі апарат — Дзяржплан, НК аховы здароўя, НК асветы, Наркамгас, Наркамсувязь і інш.;

г) грамадскія арганізацыі — ЦК МОПРа, партыйныя арганізацыі, Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б, прадстаўніцтва КПЗБ і інш.;

д) РСКА — разведупраўленне штаба БВО, гарнізоны г. Барысава і інш.;

е) буйныя гарады БССР, 25 раёнаў БССР."

Толькі адзін пералік устаноў, намечаных для выяўлення шкоднікаў, паказвае, што расправа ішла з інтэлігенцыяй. Следчыя органы зрабілі ўсё, каб сфальсіфікаваць наяўнасць нібы шырокай сеткі арганізацый, якія дзейнічалі па ўказцы БНЦ, і налічылі 59 паўстанцкіх ячэек, 19 дыверсійных груп, 4 тэрарыстычныя групы, 20 шпіёнскіх ячэек і рэзідэнтур8.

Па справе БНЦ у якасці абвінавачваемых было прыцягнута 97 чалавек і сярод іх значная частка інтэлігенцыі, якая унесла немалы уклад ў справу беларускага нацыянальнага адраджэння на тэрыторыі савецкай і Заходняй Беларусі. Тым не менш, 26 з іх рашэннем судовай калегіі АДПУ ад 9 студзеня 1934 г. былі прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, 16 — да ВМП з заменай яе на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў (пасля паўторнага асуджэння ў 1937 г. усе яны былі расстраляны), 17—да 10 год, 5—да 8 год папраўча-працоўных лагераў, а астатнія — да розных мер пакарання. Пад прымусам фі-зічным і маральным "прызналіся" у прыналежасці да гэтай арганізацыі 77 чалавек. Следчыя "знайшлі" і кіраўнікоў БНЦ — найбольш вядомых беларускіх дзеячоў—С. Рак-Міхайлоўскага, П. Мятлу, I. Гаўрыліка, I. Дварчаніна, М. Бурсевіча, Ф. Валынца, П. Валошына.

Бясконцыя праверкі і чысткі рыхтавалі новых асоб для рэпрэсій. Асаблівая ўвага надавалася ўстановам культуры. Гэта пацвярджае дакумент, накіраваны сакратару ЦК КП(б)Б М. Гікалу 24 лютага 1933 г. У ім адзначаецца, што пасля разгляду ЦК КП(б)Б пытання аб прарывах на ідэалагічным фронце зроблена наступнае:

"1. Праверан сумесна з ЦК РСІ склад работнікаў НК асветы. Вычышчана 16 чалавек, падлягаюць замене 3 чал. 15 чал. павінны быць правераны праз АДПУ.

2. Праверан склад працаўнікоў Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі. вычышчана 21 чал., 6 — падлягаюць замене, 10 будуць правераны праз АДПУ

3. Вядзецца распрацоўка антыпартыйнай групы ЦКК — Рыўлін, Засценкер, Саевіч, Гесен, Карніенка і іншыя.

4. Ідзе праверка "Балыпавіка Беларусі" з 1931 па 1933 гг.

5. Ідзе праверка склада працаўнікоў радыёвяшчання. Адзін выключай з партыі, 3 — зняты з працы як нацдэмы, неабходна зняць яшчэ З.

6. Па ўсёй Беларусі ідзе праверка бібліятэчных працаўнікоў, якая закончыцца ў сакавіку.

7. Ідзе праверка ўсіх навукова-даследчых устаноў, выкладчыцкага персаналу.

8. Ідзе чыстка наццэмаўскіх і іншых элементаў у АНБ. Вычышчана 50 чалавек.

9. Перагледжан увесь склад палітрэдакцый і непрыгодныя заменены.Прагледжваецца ўвесь склад цэнтральных газет"'.

Немагчыма ўявіць, у якім цяжкім маральным стане знаходзілася пазбаўленая спакойнай працы інтэлігенцыя, вымушаная жыць пад жахам новых чыстак і арыштаў.

Прозвішчы тых, каго вычышчалі, на каго наклейвалі ярлыкі нац-дэмаў, як правіла, змяшчаліся на старонках перыядычнага друку, аб іх гаварылася на ўсіх партийных сходах, ім прыходзілася пісаць тлумачальныя запіскі аб сваіх паводзінах, палітычных поглядах, прынародна каяцца ў ідэалагічных памылках. Прымаліся нават спецыяльныя пастановы, якія патрабавалі прынароднага пакаяння ад тых, хто на погляд партыі меў перад ёй грахі. 26 снежня 1932 г. такую пастанову прыняла партячэйка ВПШ, патрабаваўшы ад выкладчыка Гесена "у самым хуткім часе разгарнуць крытыку сваіх памылак перад шырокай грамадскасцю студэнтцтва і навуковых працаўнікоў у друку.10

Пакаяльныя лісты, надрукаваныя ў газетах, сталі звычайнай з'явай. У памылках каяліся Д Жылуновіч, У. Ігнатоўскі, С. Вальфсон, выму-шаны пад прымусам пісаць лісты Я. Колас і Я. Купала. Не ўсе маглі вытрымаць палітычнае цкаванне, пакончылі жыццё самагубствам У. Ігнатоўскі, А. Чарвякоў, спрабаваў гэта зрабіць Я. Купала.

Маральнаму зневажанню тых, хто пападаў у лік ворагаў, надавалася вялікае значэнне, бо стваралася ілюзія справядлівасці асуджэння, да таго ж следчыя органы мелі надзеі пры арышце атрымаць чалавека ўжо псіхалагічна зламанага, гатовага на ўсе іх патрабаванні. I сапраўды, такіх было нямала, асабліва пасля катавання падследных.

Рэспрэсіі не абыходзілі нават студэнтаў, тых, каго савецкая ўлада ў хуткім часе бачыла ў шэрагах новай савецкай інтэлігенцыі. У 1935 г. па абвінавачванню ў прыналежнасці да контррэвалюцыйных арга-нізацый былі арыштаваны і асуджаны групы студэнтаў Інстытута народнай гаспадаркі, Медыцынскага і БДУ. На 2 сакавіка 1935 г. знаходзіліся пад следствам 14 мінскіх студэнтаў і на 31 меліся кампраметуючыя матэрыялы.

У 30-я гады набыла іншы накірунак і характарыстыка спраў, якія АДПУ групавала ўжо не па нацдэмаўскіх альбо трацкісцкіх арга-нізацыям, а шпіёнска-дыверсійных, фашысцкіх і інш. Расправа над тымі, хто праходзіў па гэтым арганізацыям, была бязлітаснай.

Пасля прыняцця сталінскай канстытуцыі СССР 1936 г. пачаўся новы віток рэпрэсій, самы масавы і жорсткі. 1937—1938 гады ўвайшлі ў гісторыю крывавымі адзнакамі знішчэння інтэлігенцыі, рабочых, сялянства. Менавіта ў гэтыя гады пачаліся паўторныя чысткі ўстаноў ад ворагаў, узніклі новыя працэсы, а таксама паўторныя над тымі, хто ўжо адбыў пакаранне і чакаў вызвалення. Амаль усе асуджаныя па справе СВБ у 1930—1931 гг. атрымалі новыя тэрміны зняволення, а многія вышэйшую меру пакарання, сярод іх А. Баліцкі, А. Адамовіч, Д. Прышчэпаў, В. Ластоўскі, Я. Лёсік і іншыя, хто адбыў да 1937 г. сваё заключэнне.

Контррэвалюцыянераў, шкоднікаў, дывэрсантаў зноў знаходзілі ў БДУ, Мінскім педагагічным інстытуце, Віцебскім ветэрынарным, Беларускім палітэхнічным і шмат іншых. У турмах апынуліся дырэктары Беларускага палітэхнічнага інстытута, Горацкага сельскагаспадарчага, Магілёўскага педагагічнага.

На тых, хто знаходзіліся пад назіраннем, але засталіся на працы, ішоў збор кампрамату. У Мінскім педагагічным інстытуце ў ліпені 1938 г. на 49 супрацоўнікаў з 83 меліся кампраметуючыя звесткі, па Барысаўскаму раёну кампрамат меўся на 41 выкладчыка, Гомелю і Гомельскаму раёну — на 98, Палескай вобласці — на 274 выкладчыка. Вядома, што ўсе яны неўзабаве былі аднесены да сфабрыкаваных органамі НКУС контррэвалюцыйных арганізацый.

Праходзілі арышты тых, хто яшчэ ўцалеў у Беларускай Акадэміі навук. У дакладной запісцы наркома ўнутраных спраў БССР А.А. На-седкіна "Аб шкодніцтве ў Беларускай Акадэміі навук" адзначалася, што ў 1937—1938 гг. органамі НКУС БССР арыштавана 57 чалавек агентаў з іншаземных разведак, трацкістаў і іншых, і пакуль што працуюць "распрацаваныя намі 22 удзельнікі антысавецкага падполля, 80 блізкіх сваякоў рэпрасаваных і 40 навуковых супрацоўнікаў ураджэнцаў замежных краін"." Амаль усе яны неўзабаве былі зняты з працы або арыштаваны. У1937—1938 гг. загінулі прэзідэнты Беларускай Акадэміі навук П. Горын, I. Сурта, акадэмікі Я. Афанасьеў, Т. Домбаль, П. Панкевіч і іншыя. Знішчаліся людзі з акгыўнымі жыццёвымі пазіцыямі, таленавітыя даследчыкі і арганізатары навуковай працы. Фактычна ў гэтыя гады навуковыя кадры Беларускай Акадэміі навук аказаліся разгромленымі, спыніліся распрацоўкі шмат якіх праблемных напрамкаў, асабліва гуманітарнага профілю.

Больш за 100 беларускіх пісьменнікаў прайшлі праз турэмныя катаванні і шмат хто з іх атрымаў вышэйшую меру пакарання — П. Галавач, М. Гарэцкі, М. Зарэцкі, М. Чарот, А. Дудар, Л. Калюга і іншыя.

Рэпрэсіі не абмінулі рэжысёраў М. Рафальскага, У. Галубка, Ф. Ждановіча, кампазітара У Тэраўскага і шмат іншых дзеячаў беларускай культуры. Па сутнасці шло знішчэнне тых здабыткаў, якія набылабеларуская культура ў 20-ыя гады, бо забараняліся, вычышчаліся з бібліятэк, музеяў, сховішчаў і творы рэпрэсаваных, значная частка іх ліквідавана і назаўжды страчана для патомкаў.

Рэпрэсіі закранулі ўсе прафесійныя катэгорыі беларускай інтэлігенцыі. Па матэрыялах "Вынікаў разгрома антысавецкага падполля ў БССР" за 1937—1938 гады арыштавана 2570 чалавек, і сярод іх 23 працавалі ў цэнтральных кіруючых савецкіх і партыйных установах, ЦВК і Саўнаркоме— 16, наркомамі і іх намеснікамі — 40, кіруючымі работнікамі савецкага і гаспадарчага апарату — 179, акадэмікамі і навуковымі супрацоўнікамі Акадэміі навук — 20 чалавек12 і г.д. Нават па гэтаму далёка няпоўнаму пераліку магчыма ўбачыць, якія масштабы мелі рэпрэсіі гэтых двух гадоў і якія шырокія прафесійныя колы інтэлігенцыі яны ахоплівалі.

Не пазбеглі рэпрэсій і самыя высокія па пасадах партыйныя дзеячы. Вышэйшую меру пакарання атрымалі сакратары ЦК КП(б)Б Я. Гамарнік, М. Гікала, В. Шаранговіч, А. Крыніцкі і іншыя, рэпрэсаваны старшыні ЦВК і СНК, амаль усе наркомы, шмат хто з прафсаюзных і камсамольскіх дзеячоў, кіраўнікоў народнай гаспадаркі, якія працавалі ў 20-я — другой палове 30-х гадоў. Большасць з іх загінулі. Толькі па Народнаму камісарыяту асветы БССР былі знішчаны ўсе наркомы, пачынаючы з першага — У. Ігнатоўскага (які скончыў жыццё самагубствам), паслядоўна займаючыя гэтую пасаду ў наступныя гады — А. Баліцкі, А. Платун, А. Чарнушэвіч, У. Півавараў і інш.

У другой палове 30-х гадоў рэпрэсіі амаль знішчылі вопытны камандны састаў Чырвонай Арміі,якая ў цэлым за 1936—1941 гг. страціла каля 45 тыс. камандзіраў. За тэрмін з 1 студзеня па 1 лістапада 1937 г. толькі ў Беларускай ваеннай акрузе было арыштавана 279 камандзіраў13, і гэта ў той час, калі вайна стаяла амаль каля самага парога СССР.

Трагічным вынікам масавых рэпрэсій у БССР з'явілася амаль поўнае знішчэнне дарэвалюцыйнай інтэлігенцыі і значнай часткі новай, савецкай, падрыхтаванай за 20-30-я гады спецыяльнымі навучальнымі ўстановамі. Трэба падкрэсліць, што яны былі рэпрэсаваны бязвінна і што пацвярджае іх рэабілітацыя па матэрыялах адказных дзяржаўных камісій у складзе юрыстаў, прававедаў і інш., працаваўшых пад кантролем дзяржаўных і судовых органаў.

Масавы тэрор супраць беларускай інтэлігенцыі адгукнуўся вялікімі стратамі ва ўсіх галінах жыцця рэспублікі, згортваннем нацыянальна-культурнага будаўніцтва, навуковых даследаванняў, вытворчых распрацовак. Была перарвана сувязь пакаленняў, страчаны духоўныя каштоўнасці і прыгнечана нацыянальная самасвядомасць народа, неабходныя для яго далейшага ўсебаковага развіцця.

1 Расціслаў Платонаў. Палітыкі. Ідэі. Лёсы. Мн., 1996, с 64—77.
2 Там жа, с. 143.
3 Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей НАРБ), ф. 4, в. 21, спр. 350, а. 132.
4 У. Міхнюк. Захоўваць вечна: справа 20951 //Маладосць, 1991, №6, с. 111.
5 У. Адамушка. Палітычныя рэпрэсіі 20-х— 50-х гадоў на Беларусі. Мн., 199,4, с. 42.
6 Там жа.
7 НАРБ, ф. 4, в. 21, с 331, а. 83, 86; с. 340, а. 73.
8 Адамушка. Справа № 233771 // Беларуская мінуўшчына. 1993, № 3—4, с.
9 НАРБ, ф. 4, воп: 21, с. 501, а. 106.

10 НАРБ, ф. 4, в. 21, с. 365, а. 60.
11 НАРБ, ф. 4, в. 21, с. 1400. а. 17.
12 Р. Платонаў, М. Сташкевіч. Дзве аперацыі супраць "ворагаў народа"// Беларускі гістарычны часопіс, 1993, № 1, с. 75.
13 Беларусістыка. Беларусь: гістарычны лес народа і культуры. Мн., 1995, с. 202.

Н. Васілеўская

Версия для печати
Powered by
SAPID CMS