Белорусская женская лига
Общественная организация English | Русский
Сялянскія антыбальшавіцкія паўстанні ў Беларусі ў 1918-1920 гг. скрозь прызму ўзаемаадносін насельніцтва і ўлады

Пасля Кастрычніка 1917 г. па Беларусі пракацілася моцная хваля сялянскіх антыбальшавіцкіх выступаў. Адна з прычын упартага супраціўлення - незадаволеннасць мясцовага насельніцтва, так бы мовіць, якасцю новай улады. Гэтую прычыну канстатавалі ў першую чаргу чырвоныя камандзіры, прадстаўнікі спецслужбаў, што займаліся знішчэннем паўстанцаў. Так, вельмі красамоўныя высновы наконт галоўных віноўнікаў зялёнага паўстання ў Дзісненскім і Браслаўскім паветах Віленскай губерні ў чэрвені 1919 г. зрабіў віленскі губернскі ваенны камісар ў сваім дакладзе ў савет абароны Літвы і Беларусі. Даклад прадугледжваў абавязковую частку, якую патрабавала савецкае кіраўніцтва, - пералік і аналіз прычын паўстання. Камісар, як бачна, не меў намеру хаваць праўду аб становішчы ў мяцежных паветах. Даклад малюе жахлівую карціну свавольства і шматлікіх злачынстваў мясцовай улады. «Безсистемные реквизиции, конфискации, грабежи под фирмой коммунистов (мова, стыль і тэрміналогія дакумента захоўваецца - Н.С.), беспричинные расстрелы были главным занятием многих волостных исполкомов, проводивших это по указаниям Дисненского УИК. Все постановления проводились именем коммунистов, коммунистических ячеек. Особенно неистовствовала одна из таковых ячеек в местечке Шарковщина, ставшего одним из главных пунктов белогвардейского выступления. Председатель этой ячейки, он же председатель исполкома и военком Молявка со своими сподвижниками выписывался (так у тэксце - Н.С.) председателем уездного исполкома в Дисну для расстрелов, которые проводились здесь без суда, когда красноармейцы и милиция отказывались их проводить... Шарковской ячейки боялась вся округа»1.

Аналізуючы прычыны ўпартасці і працягласці зялёнага руху ў Гомельскай губерні ў сакавіку-красавіку 1921 г. яшчэ адзін карнік - старшыня ГубЧК Розенберг - адзначаў адсутнасць даверу з боку насельніцтва да камуністычных ячэек і тое здзіўленне, што панавала сярод сялян, з памераў крадзяжу і злоўжыванняў савецкіх служачых... «...они (сяляне - Н.С.) спрашивают, в чьих руках все это, что так воруют», - пісаў у сваім дакладзе галоўны чэкіст губерні, адначасова скардзячыся на адсутнасць «честных и опытных партийных работников»2. Сярод галоўных «недахопаў» савецкай работы, якія выклікалі справядлівае абурэнне мясцовых людзей, Розенберг вымушаны бьгў пералічыць: «бездеятельность, расхлябанность, халатность, хищения, приписки»3.

Распаўсюджаная з'ява - спекуляцыя, хабарніцтва, што бытавалі сярод шматлікай арміі совслужачых, кантралёраў, нарыхтоўшчыкаў і г.д.4 Некаторыя статыстычныя дадзеныя, што падае ў сваім дакладзе старшыня ГубЧК, красамоўна сведчаць аб нізкай якасці ўлады, амаральнасці паводзін яе трымаўшых. «Дел по бандитизму - 15, контрреволюции - 22..., преступлениям по должности - 29, превышению власти - 8, взяточничеству - 3, спекуляции - 8»5. Трэба падкрэсліць, што ўсе гэтыя злачынствы ЧК выкрыла за двухтыднёвы тэрмін з 1 па 15 красавіка 1921 г.

Паўстанне ў Быхаўскім павеце, на падаўленне якога спатрэбіліся намаганні цэлай брыгады на працягу вясны 1920 г., успыхнула «из-за слабости местной власти, неумело подходившей к населению и не пользовавшейся авторитетом», - сцвярджаў камісар гэтай брыгады. «Много втесалось в органы преступного элемента, который занимался хулиганством, пьянством, игнорировали интересы местного населения», - пералічваў «грахі» мясцовых саветаў вайсковец6.

Бывала і так, што «змагара» з бандытызмам (у нашым выпадку - старшыню Суражскага выканкама), які меў звычку без суда і следства расстрэльваць «на месте преступления» не толькі сялян, але і падазрозных старшынь мясцовых саветаў, тэрмінова адхілялі ад улады за «жизнь совершенно не подобающую коммунисту и будучи в последнее время задержанным на улице в пьяном виде отрядом Витгубчека»7. Вышэйшая ўладная інстанцыя ўвогуле палічыла за лепшае зліквідаваць гэты орган Савецкай улады, змяніўшы яго на рэўкам.8 Справядлівае абурэнне выклікалі паводзіны супрацоўнікаў міліцыі. За ёй цягнуўся вялікі шлейф грахоў: збіванне вяскоўцаў, пагрозы расстрэламі, беспадстаўныя арышты і вобыскі. Пад час апошніх мерапрыемстваў нямала дабра прыліпала да рук абаронцаў парадку. Для выканання службовых абавязкаў міліцыянеры канфіскоўвалі ў сялян коней, але нярэдка прадавалі жывёлу ў суседніх весках9.

Хутка набытыя дыктатарскія звычкі, нястрыманасць і непрыстойнасць паводзін, п'янства, хабарніцтва трымаючых уладу раздражнялі людзей. У шмат якіх выпадках такія праявы былі апошняй кропляй, і цярпліўцы-сяляне хапаліся за зброю. Аднак трэба зазначыць, што народжаная сістэма спрабавала весці змаганне са злоўжываннямі мясцовых уладароў, выкарыстоўваючы ў першую чаргу ЧК і іншыя рэпрэсіўныя і кантралюючыя органы, праўда, даволі беспаспяхова10. Неаднаразова гэта спрабаваў рабіць М. Тухачэўскі, заклікаючы ЧК арыштоўваць чырвонаармейцаў, якія літаральна тэрарызуюць мясцовае насельніцтва.

Агульны партрэт гэтых новых людзей новай дзяржавы прыкладна такі: нараджэнне і дзяцінства ў вёсцы 1890-1900 гг., мабілізацыя ў армію ці перамяшчэнне ў горад у міжваенны перыяд, фронт ці тылавы гарнізон, завод ці праца дробнага служачага ў 1917 г. - вось тыповыя вехі небагатых біяграфій бальшыні герояў рэвалюцыйнай, савецкай і сацыялістычнай перабудовы. Вёска, ЦПШ, 2-3 класы пачатковай вучэльні, «універсітэты» казармы і гарадскіх вуліц сталі асновай іх культуры, а вайна сабрала і перамяшала гэтых людзей. Чалавеку са зброяй яна прышчапіла пачуцці жорсткасці, статкавасці, прыгнечанасці перад фізічнай сілай, абудзіла жывёльны інстынкт самазахавання, пасяліла ў душы сумненні ў каштоўнасцях маралі і права. Як бачым, прыстойны разумны савецкі работнік быў хутчэй выключэннем, чым правілам. Звычайнымі якасцямі «совбура», «комбура» (тэрміналогія тых гадоў), чэкіста, камбедаўца, ваенкома, рэўкомаўца і г.д. былі непісьменнасць, фанабэрыя, п'янства, хабарніцтва. Пад час стрэкапытаўскага мяцяжу паўстанцы так характэрызавалі ўладу: «Мы - мужики, рабочие в солдатских шинелях, наши враги-отбросы всех слоев населения, объединенные жаждой власти, той власти, которая даст им легкую жизнь»"

А для слуцкіх паўстанцаў «савецкая ўлада» была страшная...»12, асабліва для моладзі.

Такім чынам, з чырвонага боку назіраліся тыя самыя грахі, што і з супрацьлеглага - белага ці зялёнага. Анёлаў у той грамадзянскай сутычцы не было.

Аб гэтым не прынята гаварыць, але ўзрастаючая нянавісць сялян да новай дзяржавы падагравалася і тым, што сярод самых зацятых праваднікоў бальшавіцкай праграмы апынулася зашмат людзей, варожых вёсцы не толькі светапоглядам, гарадской культурай і звычкамі, але і ўласным іменем, і этнічным абліччам. Не самыя лепшыя пачуцці абуджаліся ў цёмнай, традыцыйна сялянскай свядомасці, калі даводзілася спалучаць і без таго нялюбую ўладу з прозвішчамі накшталт Віламсон, Пульман, Рейнгольд, Кроль, Гепнер, Янсон, Адамойтыс, Ульдукіс і г.д., а таксама з абліччамі кітайскіх і татарскіх наймітаў, што падаўлялі сялянскую партызанку.

Дарэчы, бальшавікі не схільныя былі хаваць ці не звяртаць увагі на «антыяўрэйскую праблему». Аналізуючы прычыны паўстанняў, гэтую акалічнасць заўсёды падкрэслівалі. «События в Гомеле носят антисемитский характер, - пісаў аб стрэкапытскім мяцяжы вядомы ў Беларусі бальшавік Пінсан. - Город населен большей частью евреями, ответственные посты занимали также они, значит удар контреволюции обрушился на евреев», - тлумачыў ён адну з прычын13. Падобны настрой насельнщтва назіраў і гомельскі партыйны дзеяч Г. Лялевіч пад час партызанкі Івана Галака, якая вылучалася асаблівай антыяўрэйскай накіраванасцю. Нават яўрэйскі аддзел Наркомнаца патрабаваў эстрэнных мер супраць Галака, «сметающего целые еврейские местечки и грозящего дезорганизацией всей советской работы».14

Але трэба падкрэсліць, што лозунг «Бей жидов, спасай Россию!» быў папулярным ва ўсходняй Беларусі, на Гомельшчыне і Віцебшчыне, дзе паўстанні адбываліся ў агульнарасійскім рэчышчы антыбальшавіцкай партызанкі15. «...Мы негодуем, что евреи стоят у власти», - выказаліся ўдзельнікі агульнага сходу Радунскай воласці мяцежнага Себежскага павета (19.05.1919 г.) і патрабавалі пазбавіць «стоящих у власти» грамадзянскіх правоў і пасадаў- ад пісара да камісара.16

Пераслед яўрэяў - яшчэ і вынік мэтанакіраванай прапаганды пэўных палітычных і ваенных колаў Расіі пад час Першай сусветкай вайны. У найменшай ступені і нават зусім незаўважны антыяўрэйскі настрой у Слуцкіх падзеях. Ыаадварот, прадстаўнікі гэтай нацменшасці Беларусі прынялі ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні паўстання17. На мой погляд, вастрыня пытання ляжыць у сацыяльнай плоскасці (яўрэі былі пры ўладзе, болып заможныя), чым у нацыянальнай. «Галак призывает бить евреев. На самом деле Галак борется не с евреями, а с советской властью, с коммунистическойпартией, трудящимися массами», - да такой высновы прыйшоў Г. Лялевіч.18 У той час беларусы спрабавалі вырашыць хутчэй дзяржаўныя, а не нацыянальныя праблемы.

Адштурхнула насельніцтва і антыцаркоўная палітыка савецкай улады. Нярэдка паўстанні ўзначальвалі святары, як каталіцкай, так і праваслаўнай канфесій. Такія мяцяжы былі ўпартымі і шматлюднымі, як, напрыклад, у Дзісненскім і Браслаўскім паветах, на чале з ксяндзом Буклерэвічам. Рэдакцыя афіцыйнай газеты «Звязда» атрымлівала праклёны і пагрозы, што дасылаліся ўрадаўцамі з месцаў: «Моя рука не содрогнется убить и растерзать тебя, негодяя..., грабителя православной церкви! Все вы враги народа, жидовские негодяи». Такога зместу папярэджанні атрымліваў наркамваенмор Беларусі Я. Адамовіч19. Такім чынам, відавочна, што дзеянні ўлады любові і прыхільнасці, нават лаяльнасці ў насельніцтва не выклікалі.

Рабаўніцкая эканоміка ўлады вяла да пэўных змяненняў у палітычных настроях насельніцтва. Непавага да саветаў, лепш сказаць, неўспрыманне іх як формы ўлады, адносіны да іх, як да часовай з'явы выклікалі імкненне на месцах ствараць свае органы кіравання, як правіла, выбарныя. На гэтую асаблівасць сялянскай партызанкі ў свой час звярнуў увагу М. Тухачэўскі. (Тут мы адначасова з разглядам прычыннасці кранаем пытанне мэтаў і стратэгіі паўстання, але, як пабачым, праблемы ўзаемазвязаныя). «...Прежде всего (цытую камандарма - Н.С.) крестьянство стремится соорганизовать свою собственную местную власть, которая постепенно, расширяясь, принимает формы местной государственной власти. Иногда такая нарождающаяся власть стремится расшириться и охватить всю страну (у Беларусі -класічны прыклад - Слуцкае паўстанне, гісторыя якога добра ілюструе гэты момант аналітычнага артыкула Тухачэўскага - Н.С.), а иногда они тупо ограничиваются своими местными интересами - непосредственной защитой местной крестьянской собственности"20. У другім выпадку паводзіны гэтай мясцовай улады камандарм лічыў бессэнсоўнымі, бо абмежаванне толькі мястачковымі інтарэсамі, адсутнасць вонкавай падтрымкі абумоўлівала хуткае іх знішчэнне.

Трэба мець на ўвазе, што, па сутнасці, у Беларусі панавала ўлада вайскоўцаў. Адпаведныя аддзелы штаба Заходняга фронту рэгламентавалі амаль усе бакі цывільнага жыцця, нават аграрныя пераўтварэнні. Ваенная дыктатура найлепшым чынам адпавядала ажыццяўленню ўсёй сістэмы мер дзяржаўнага пазаэканамічнага прымусу. Да валасной і нават павятовай савецкай выканаўчай улады вайсковае кіраўніцтва ставілася без павагі. Паўсюль адбываліся арышты старшынь і членаў выканкамаў, зняцце з пасад, расфарміраванне органаў гэтай улады, замена яе рэўкамамі. 3 месцаў скардзіліся, што вайскоўцы «суют нос не в свое дело», не рэагуюць на загады і мерапрыемствы савецкай улады, няма ніякай магчымасці спагнаць з іх за саманарыхтоўкі21.

Яшчэ адзін істотны момант для разумения ўзаемаадносін паміж уладай і насельніцтвам: яе прадстаўнікі былі, у асноўным, людзі прышлыя, чужынцы, якіх прывозілі чырвонаармейскія камандзіры. Яны не ведалі ні мовы, ні мясцовых звычаяў, не цікавіліся інтарэсамі тутэйшых і з'яўляліся праваднікамі рэпрэсіўнай палітыкі цэнтра.22 Веска спрабавала ўтварыць мясцовае самакіраванне. Як сведчыць пратакол схода сялян Беларускай воласці, што адбыўся ў кастрычніку 1920 г., «сход адбыўся па патрабаванню грамадзян воласці, таму што ў гэты час у нас форменнае безуладдзе..., нам пажадана, каб службовыя асобы былі ў нас намі ж абраныя, а не па назначэнню, як, напрыклад, у нас быў старшыня валаснога рэўкома нехта Мікалай Хозік, невядома адкуль і хто такі, які неміласэрдна нас крыўдзіў, не ведаючы нашых патрэб і падабраў без нашай згоды і выбару членаў..., якія толькі ўсяляк шкодзілі нам.»23

Моцную незадаволеннасць у сялянства выклікала распаўсюджаная практыка забеспячэння карных атрадаў, - кепска абмундзіраваных, паўгалодных, - за кошт насельніцтва. Нават пакаранне такое было за няўплату своечасова падаткаў -раскватароўваць у вёсцы вайсковую часць. Як адзначыў М. Тухачэўскі, салдаты някепска ўладкоўваліся на ўтрыманні сялян і «небольшая часть действительно вела боевые операции»24. Так званая сістэма акупацыйных гарнізонаў дорага каштавала вяскоўцам. Уласны вопыт падказаў селяніну, што ўтвараецца дзяржава, накіраваная супраць асобы.

Імкненне да незалежнасці... У тыя няпростыя часы агульнага заняпаду і хаосу народ усё часцей выказвае думку аб дзяржаўнай самастойнасці з усімі яе атрыбутамі: уласным войскам і ўрадам. Можна нават вызначыць часовую мяжу, калі гэтая думка аформілася ў рэзалюцыях народных сходаў у валасцях і паветах, пастановах і прапановах, якія накіроўваліся ў цэнтральныя органы ўлады. Увосень 1920 г. пракацілася шырокая хваля падзей, што сведчылі аб пэўнай сталасці незалежніцкіх дзяржаўных тэндэнцый. Мірным, дэмакратычным шляхам на агульных сходах людзі выказвалі сваю волю. На беспартыйнай канферэнцыі ў Валасевічах (Барысаўскі павет), што адбылася 31 кастрычніка 1920 г., сяляне разважалі: «...пры самавызначэнні трэба звярнуць увагу на тое, што Беларусь - краіна бедная. Значыць, ёй неабходна да каго-небудзь далучыцца, але ў такі час трэба азірацца, каб далучэнне не заняволіла нас... ва ўсякім выпадку не можа быць і размовы аб чым-небудзь іншым, акрамя самастойнасці Беларусі, не маючы ніякай сувязі з Полынчай і савецкай уладаю...». 25 Палітычныя крокі беларусаў адразу не былі звязаны з агрэсіяй. На канферэнцыі ў Халопенічах сяляне аб'явілі: «Жадаем мірным шляхам вызваліць Беларусь ад польскіх і савецкіх войскаў і даць ёй магчымасць самавызначыцца без чыёй бы там ні было дыктатуры».26

Сыходзячы са свайго горкага вопыту жыцця на акупаванай тэрыторыі, насельніцтва паўсюдна патрабавала волі і незалежнасці. Не дзіўна, што найбольш папулярным лозунгам Слуцкага паўстання быў лозунг: «Супраць паноў і камуністаў».

Цэлы стос дакументаў з архіваў рэвалюцыйных камітэтаў сведчыць аб стратэгіі ў беларускай палітыцы. На ўсіх сходах і канферэнцыях гучалі словы абурэння падзелам Беларусі на тры часткі. «Такое разделение белорусских трудящихся масс и занимаемых ими земель есть грубое насилие над волей белорусского народа», - выказалі свой погляд на сквапную палітыку дзяржаў-суседак сяляне Астрашыцка-Гарадзецкай воласці.27 Яны патрабавалі раўнапраўнага ўдзелу Беларусі за стадом Рыжскіх перамоў, справядліва бачачы за фактам няўдзелу ўшчымленне правоў і непавагу да цэлага народа. Адным з патрабаванняў, што гучала на гэтых сходах, было патрабаванне ўтварыць ўласную армію, «которая одна сможет понять правильно интересы трудящегося белорусского народа и вести внутреннюю и внешнюю оборону Белорусской Республики».28

Безумоўна, праяўленні нацыянальных і незалежніцкіх амбіцый, імкненні да дзяржаўнай самастойнасці-вынік мэтанакіраванай прапагандысцкай і арганізацыйнай працы БПС-Р. На Міншчыне шмат дзе ў вёсках дзейнічалі першасныя ячэйкі. 3 поспехам у вёсках працавалі інструктары партыі, як правіла, з ліку мясцовых настаўнікаў, валасных і павятовых служачых, былых вайскоўцаў.

Улада ўсяляк абмяжоўвала дзейнасць эсэраў, перашкаджала выступлениям на сходах. Пад пільным вокам рэўкамаўцаў прымаліся рэзалюцыі і зацвярджаліся заклікі накшталт «Да здравствует всемирная революция!», «Да здравствуют великие вожди революции товарищи Ленин и Троцкий» і інш.29

Аднак не мінула і двух тыдняў, як на з'езд у тую самую Беларучскую воласць, насельніцтва якой вітала кастрычніцкую рэвалюцыю і згаданыя папярэдне лозунгі, прыехала палымяная эсэрка Палута Бадунова. С самага пачатку прадстаўнікі з Цэнтра і супрацоўнікі валрэўкама перашкаджалі яе намеру выступіць. Аднак дэлегаты з'езда абурыліся, што «камуністы ей, як беларусцы, забараняюць гаварыць з сваім народам беларускім», і пажадалі паслухаць прамову Палуты, і згадзіліся з яе прапановай абраць дэлегатам на з'езд саветаў эсэра Яўсея Трафімава, нягледзячы на незадаволенасць прадстаўніка цэнтра. Больш таго, прысутнасць гэтай мужнай жанчыны паспрыяла праўдзівым прамовам сялянскіх дэлегатаў, якія пажадалі выказаць свае крыўды ўладам, а не толькі слухаць палітычныя прамовы і лозунгі ды маўкліва згаджацца. Сяляне выказалі абурэнне тым, што «чырвонаармейскія агенты забралі ў іх апошні хлеб і фураж», што развёрстка ім не па сілах, а мясцовы рэўкам толькі і робіць, што выдае загады аб рэквізіцыях. Спасылаючыся на распараджэнні зверху, рэзалюцыя з'езда сведчыла, што сяляне пажадалі аб'яднання Беларусі ў яе этнаграфічных межах і ўтварэння ўласнай арміі. Асобным пунктам было унесена патрабаванне прысутнасці беларускай дэлегацыі на перамовах у Рызе «для абароны інтарэсаў Беларускай Рэспублікі». Дэлегаты настойліва запатрабавалі спынення непасільных пабораў і рэквізіцый, якія дашчэнту разбурылі Беларусь.10

Такім чынам, восень 1920 г. засведчыла, што ў Беларусі вызначыўся пэўны вектар палітычных імкненняў і настрояў. Праз эканамічную неабходнасць людзі прыходзілі да думкі аб дзяржаўнай самастойнасці.

 

ЛІТАРАТУРА

1 НА РБ, ф. 60, воп. 3, сп. 821, а. 4.
2 Там жа, сп. 823, а. 34.
3 Там жа, а. 38.
4 Там жа, а. 39.
5 Там жа.
6 И. Бриль. Политическая подготовка летней операции 16 армии в 1920 г. Война и революция. 1926, № 11, с. 90.
7 ДА Віцебскай вобласці ф. 56. воп. 5, сп. 2, а. 42,45.
8 Там жа, а. 42.
9 Там жа, ф. 1821, воп. 1, сп. 344, аа.22,23. ДА Мінскай вобласці, ф.9, воп. 1, сп. 5,аа.7,8.
10 ДА Мінскай вобласці, ф.9, воп. 1, сп. 8, а. 9 ; сп. 5, а. 4; сп. 37, а. 9; ДА Віцебскай вобласці, ф 1821, сп. 1, д. 271, аа. 10,42; сп. 262, а. 69.
11 НА РФ, ф. 60, воп. 1, сп. 814, а.16.
12 Архіў КДБ РБ.
13 НА РБ, ф. 60, воп. 3, сп. 13,а.П.
14 Там жа, сп.828, а.21, «Известия Гомельского губкома РКП», 1921.
15 ДА Віцебскай вобласці, ф. 1821, воп. 1, сп. 262, а. 48; НА, ф. 60, воп. 3, сп. 834, аа. 3,21.
16 Там жа, сп. 344, а. 37.
17 Архіў КДБ РБ.
18 НА, ф. 60, воп.З, сп. 834, а. 47.
19 Там жа ф. 60, воп. 1, сп. 842, а. 5.
20 М. Тухачевский. Борьба с контрреволюционными восстаниями. // Война и революция. 1926, № 7, с. 6.
21 ДА Мінскай вобласці, ф. 9, воп. 1, сп. 8, а. 2; сп. 44, а. 40.
22 Там жа, сп. 9, а. 69.
23 Там жа, ф. 37, воп. 1, сп. 2, а. 2.
24 ДА Мінскай вобласці, ф. 9, сп. 9, а. 69.
25 Там жа ф. 42, воп. 1, сп. 9, а. 29.
26 Там жа.
27 НА РБ, ф. 60, воп. 3, ф. 770, аа. 75, 76.
28 Там жа, а. 76.
29 ДА Мінскай вобласці, ф. 37, воп. 1, сп. 2, а.З.
30 ДА Мінскай вобласці, ф. 37, воп. 1, сп. 2, а.а. 6,7.

Н. Стужынская

Версия для печати
Powered by
SAPID CMS