Белорусская женская лига
Общественная организация English | Русский
"АМЕРЫКАНСКІ" ШПIЁН

Мой бацька Мікітчык Даніла Іосіфавіч у 1913 годзе застаўся сіратой і з'ехаў у ЗША на пошукі лепшага жыцця. Пражыў там да 1917 года, потым узельнічаў добраахвотнікаму ваенных дзеяннях у Еўропе супраць Германіі, быў паранены. Вярнуўся ў Чыкага, вырашыў ажаніцца. Але не хацеў браць з мясцовых жанчын, бо яны імкнуліся да шыкоўнага жыцця, а ён не мог даць такога і напісаў сваёй сястры, каб яна ў нашай вёсцы Галогчыцы Драгічынскага раёна знайшла яму жонку. Сястра яму напісала, што тут ёсць дзяўчына, прыгожая, добрая, але бедная, яна бежанка з Расеі... У першую ноч вяртання у Беларусь памёр яе бацька, ён захварэў на тыф. Памерла маці і яе малодшая сястра Наста. Сястра, напісала пра гэта майму бацьку і выслала ў Амерыку фатаздымак. Яму вельмі спадабалася дзяўчына, пачалася перапіска, якая працягвалася 2 гады. Бацька хацеў забраць дзяўчыну ў Амерыку. Але польская ўлада забараніла, прапанавала абвянчацца тут. Ён так і зрабіў. Прыехаў сюды ў 1925 г., абвянчаўся, пажылі месяцы 3 тут і з'ехалі ў Амерыку. У 1926 нарадзіўся я, у 1927 - брат Фёдар. Мы там жылі да 1933 года. Бацька працаваў на нейкай фабрыцы па рамонце абсталявання, някепска зарабляў, а маці не працавала, займалася дзецьмі і домам.. Пад час дэпрэсіі ў ЗША бацька зрабіўся беспрацоўным і маці стала прасіць яго вярнуцца на Радзіму. У чэрвені 1933 года наша сям'я вярнулася дамоў.

Бацька пабудаваў дом, гаспадарку, але яму тут нешта не спадабалася, а ў ЗША жыццё палепшылася і ён зноў вырашыў туды паехаць. Нас пакуль пакінуў тут, але дамовіўся, каб мы таксама прыехалі да яго. У 1939 збіраліся ехаць, з'ездзілі ў амерыканскую амбасаду ў Варшаве, амаль былі сабраны рэчы, але надарылася аб'яднанне з Усходняй Беларуссю і наша паездка не адбылася. Бальшавікоў прымалі з кветкамі, з радасню, гэта было неапісальнае нешта. Я быў тады малы, але добра помню гэта. Пасля вайны бацька даведаўся, дзе мы жывем і параіў прыехаць да яго, бо тут было ўсё разбурана.

У вайну жылося вельмі цяжка. Страцілі родных. Расстралялі сястру майго бацькі, Алену, у яе было 11 душ сям'і.Сын Мікалай быў у партызанах і часта наведваў маці. Калі наязджалі немцы, ён заўсёды хаваўся ў жыце. Маці папярэдзілі, што калі не выдасць Мікалая, то будзе расстраляна ўся сям'я. I сама маці павяла немцаў туды, дзе хаваўся яе сын. Яна прынесла Мікалая ў ахвяру, каб выратаваць астатніх. Калі везлі яго ў гестапа, Мікалай вылучыў момант, адштурхнуў паліцая і выскачыў з грузавіка. Яго паранілі ў руку. А мы жылі на хутары, і мацi

аднойчы пайшла даіць карову і ўбачыла яго. Ён працягваў хавацца, але аднойчы прыехала гестапа і ўсю сям'ю расстралялі. Прымусілі мужчын выкапаць яму і ў гэтай яме іх 11 душ расстралялі. Яны там і цяпер ляжаць.

Партызаны часцей за ўсё ў адкрытыя бойкі з немцамі не ўступалі, падарвуць нешта, замінуюць, нападуць на нейкі ўчастак нямецкі. Пры гэтым больш за усё даставалася мясцовым жыхарам. Партызаны выйдуць з лесу, пастраляюць і на конях назад, а немцы прыедуць і не дай Бог, калі забілі каго-небудзь з немцаў, адразу вёску спальвалі, расстрэльвалі, таму што жыхароў абвінавачвалі ў тым, што яны звязаны з партызанамі, кормяць іх і падтрымліваюць.

У 1944 годзе, калі немцы ўжо адыйшлі, мяне мабілізавалі ў Савецкую Армію, і накіравалі спачатку ў запасны полк, а потым у паветраную дывізію ў Гомель. I вось у гомельскай дывізіі нас паставілі ахоўваць мост, на фронт нас не адпраўлялі.

А ў 1946 г. бацька напісаў нам, каб мы прыехалі да яго. Мы з братам вырашылі паехаць у Амерыканскую амбасаду ў Маскву і там узяць амерыканскі пашпарт, - каб выехаць. Здалі ўсе дакументы ў аддзел рэгістрацыі г.Брэста і нам сказалі, што мы за 4 месяцы атрымаем выяздныя візы ў ЗША. Візы мы не дачакаліся, затое нас пачалі пераследваць, паколькі мы хочам выехаць, і мы апынуліся ў вельмі непрыемным становішчы. Нас пачалі змушаць прыняць савецкае грамадзянства, а пасля пачалі пагражаць, што калі не прымем савецкае грамадзянства, дык нас пасадзяць. Становішча наша было вельмі дрэнным, таму ў снежні 1948 года мы прынялі савецкае грамадзянства.У 1949 я пазнаёміўся з дзяўчынай, і ў ліпені 1949 года мы з Лідзіей ажаніліся.

У верасні 1949 г. мяне арыштавалі, завезлі ў Брэсцкае КДБ, дзе я сядзеў у падвалах 2 тыдні, дапытвалі. А потым адвезлі ў Менск, у Міністэрстве КДБ быў на той час Цанава. Мяне прывялі да начальніка контрразведкі палкоўніка Харашавіна, следчым маім быў маёр Сыпчанка, а потым павезлі да Цанавы. Ён вельмі груба спытаўся прозвішча і імя, а потым: "Якое задание вам давалі амерыканцы?" Я адказаў: "Ніякага". Яны палічылі, што калі я быў у амерыканскай амбасадзе, мяне там завербавалі і далі задание. Цанава тады сказаў, што я нават не варты пінка яго бота, а я нават на яго і плюнуць не хацеў. Маленькі, плюгавенькі, але ў яго была ўлада. Цанава сказаў: "Вядзіце і ўсыпьце яму, тады ён скажа". I вось пачаліся мае мытарствы, мяне завялі на чацьвёрты паверх у самы далёкі пакой, каб ніхто не чуў крыкаў, і білі 2 сутак, ды так, што я траціў прытомнасць, у мяне ўсё цела было апухшае, я толькі баяўся, каб не павыбівалі вочы. Знялі з мяне аддзенне, прымусілі

легчы на падлогу, але я не хацеў класціся, тады яны мяне сілай павалілі, рукі завязалі за ланцугі, і білі як толькі маглі. Білі, пакуль крычаў, як толькі замаўкаў - падымалі і пыталіся "Якое задание атрымаў ад амерыканцаў?" Іншага пытання і не задавалі. Гэта было ў кастрычніку 1949 года. Турма КДБ, цяпер "валадарка". Мяне завалаклі ў камеру, але я мог ляжаць толькі на жываце, бо на спіне мне рассеклі скуру. На другі дзень зноў пацягнулі на допыт. Цанава кажа: "Чаго вы стаіцё, садзіцеся". Я стаяць амаль не мог, не тое што сядзець. Тады салдат даў па назе так, што я паваліўся на зэдлік, было такое адчуванне, што сеў на тысячу іголак. Перад гэтым вопытныя зняволеныя сказалі, што "калі ім нічога не скажаш, лагера табе не бачыць, ты адсюль не выйдзеш жывым". Я тады вырашыў, што калі будзе немагчыма, буду вярзці лухту. Мяне зноўку павялі біць. Колькі змог, цярпеў, але пад ранак, гадзін у 5, я сказаў, што мне давалі задание лічыць савецкія самалёты, сачыць за рухам чыгуначных саставаў праз Гомель, па магчымасці вызначаць месцазнаходжанне савецкіх частак вакол Брэста і Гомеля.

Мяне трымалі 4 месяцы ў адзіночцы, патрабавалі сказаць, хто даваў задание, але я ўсю віну ўзяў на сябе. Мне не давалі ежы, не давалі перадач. Пасля я даведаўся, што пасадзілі маю жонку Лідзію Антонаўну, мы толькі 3 месяцы пажылі з ёю, ёй было толькі 18 гадоў; пасадзілі майго брата Нікітчыка Фёдара, пасадзілі маці і ўсё, што мы мелі, канфіскавалі. Камяня на камяні не засталося.

Праз год следства мы ўсё яшчэ сядзелі ў менскай турме КДБ, а пасля, ў траўні ці чэрвені, з Масквы прыйшоў прыгавор - мне далі 25 год лагераў, брату - 15, маці - 25, жонцы - 5. Яе выклікалі як сведку і далі ёй 5 год, і адправілі ў Архангельскую вобласць на лесапавал. Меня адправілі ў Караганду ў Карлаг, у асноўным працаваў на будоўлі Цімертаўскага металургічнага гіганту. Маці адправілі ў Кемераўскую вобласць на лесапавал, але паколькі яна мела ўжо сталы узрост, працавала, ў асноўным, днявальнай па бараку. Брата адправілі ў Омск на будаўнічыя працы. Пасьля смерці Сталіна нас адразу вызвалілі, жонка прасядзела 4 гады, у сакавіку 1953 г. вярнулася дадому; маці вярнулася ў 1955 г., адбыла у лагеры 6 год. Я вярнуўся ў 1956 г., прасядзеў 7 гадоў, брат таксама вярнуўся ў 1956 г.

У нас быў лагер палітычных зняволеных, сядзелі з рознымі тэрмінамі зняволення, а ўсе, каму далі 25 год, былі смяротнікамі. Я сам думаў, што мяне расстраляюць. Маёй жонцы на допытах сказалі, што "ён усё роўна будзе расстраляны, так што давай паказаньні, не супраціўляйся." Ва ўсіх нас былі нумары, мой нумар - 1н477, гэта па карагандзінскаім аддзяленні я быў 477, на літару "Н", вялікія нумары былі на літару "К" - там па 5000 нумароў было. Калі было прозвішчаў

больш чым 1 тысяча, тады малявалі II, калі больш за 5 - V, усе тысячы ішлі рымскімі лічбамі.

Асноўны склад - беларусы, літоўцы, латышы, эстонцы, бэндэраўцы з Украіны, уласаўцы былі. Памятаю нават, з Менска быў Чыхольчык такі, жыў на Лодачнай, 20, пасля лагера шукаў яго, але не знайшоў.

Жылі і працавалі ў такіх умовах, што зараз здзіўляюся, як выжыў. Аднойчы нас перавозілі ў Караганду, прыгналі машыны і пачалі грузіць на іх па 30 чалавек . Тыя, хто быў вопытны, ужо ведалі, што значыць ехаць на этап на машыне: яны стараліся не піць і не есці ў дарогу, таму што як пасадзілі на машыну, то ты ўжо не зможаш ўстаць і сайсці па патрэбе. Калі падвялі да машын, у кузавы якіх за ноч нацерушыў снег, мы папрасілі трошкі пачысціць яго, каб можна было сядзець. Але канвой даў каманду: "Рукі ўгору! Садзіся." Мы селі на снег, які пад намі хутка расстаў, а на двары - 30-градусны мароз. Калі машына прыехала, мы прымёрзлі да лавак. Як жывыя засталіся, нават і не ведаю.

Пасля вызвалення я тройчы пісаў, каб рэабілітавалі, і кожны раз мне давалі нейкую адмову. Рэабілітавалі у 1993 годзе.

Цяпер у мяне два сыны - 1958 і 1961 гадоў нараджэння. Няхай іх лёс будзе шчаслівым.

Мікітчык Даніла Данілавіч

Версия для печати
Powered by
SAPID CMS