Белорусская женская лига
Общественная организация English | Русский
Уступ

Гэту вайну на Захадзе называюць “невядомай вайной”. І хоць яна мела каласальны размах у 20-я гады ХХ стагоддзя ў самых розных кутках былой Расійскай імперыі, у тым ліку і Беларусі, яе гісторыя нам малавядома. Дакладней, штосьці мы ведаем. Але ў крывым люстэрку савецкай гістарыяграфіі масавы рух супраціву выглядаў звычайнай крымінальшчынай з палітычнай афарбоўкай - “палітычны бандытызм”, “кулацка-шляхецкая контррэвалюцыя” і г.д. Гэта зусім не дзіўна, гісторыю пісалі пераможцы ці па іх загаду.

Постсацыялістычная гістарыяграфія ўрэшце адмовілася ад стэрэатыпу называць бандытызмам масавую барацьбу сялян супраць палітыкі ваеннага камунізму і карных метадаў кіравання вёскай. А ўзброены пратэст асноўнай масы насельніцтва супраць дзяржаўнага прыгнёту перастала зводзіць да крымінальных і разбойных дзеянняў, як гэта рабіў савецкі афіцыёз. Паступова адмовілася ад надакучлівых стэрэатыпаў і ў ацэнцы выступленняў як кулацкіх, бандыцкіх. Даследчыкі, пазбаўленыя партыйнага кантролю, прыйшлі да высновы, што сяляне змагаліся за сваё традыцыйнае існаванне і разам з тым адстойвалі карэнныя эканамічныя інтарэсы вёскі. Антонаўскі рух на Тамбоўшчыне, махноўскі - на Украіне, басмачоўскі - у Сярэдняй Азіі былі народнымі сялянскімі войнамі не толькі супраць улады, а за права жыць па-свойму, за радзіму, вялікую і малую.

Пры знаёмстве з праблемай яшчэ ў “даперабудовачную эпоху” не магла не бянтэжыць адна сур'ёзная акалічнасць. Калі ўсе гэтыя людзі, якія паўсталі супраць новай улады, - бандыты, дык чаму іх так многа? Бо крымінальшчык - асоба ў нармальным грамадстве хутчэй выключэнне, чым правіла. Цэлыя губерні былі “заражоныя бандытызмам”, як пісалі газеты таго часу. А каб знішчыць паўстанцтва і партызанскіх рух, ўлада вымушана была задзейнічаць велізарны карны аппарат, з рэгулярнай арміяй уключна.

Рускі гісторык М.Кубанін яшчэ ў 1926 годзе падлічыў, што ў Тамбоўскай губерні 25-30% насельніцтва ўдзельнічала ў паўстанні, па- сутнасці, ўсё дарослае насельніцтва пайшло ў армію Антонава. Аналагічнае адбывалася і на Случчыне ў 1920-я гады, і на Ігуменшчыне ў 1921 годзе. Такую выснову зрабілі карныя органы ў 20-30-я гады, калі пачалі працэсы над былымі паўстанцамі і партызанамі (1).

Сялянская партызанка была накіравана, ў адпаведнасці з сялянскім менталітэтам, супраць “чужынцаў”. Сялянскі паўстанец, партызан-зялёнадубец - гэта, ў першую чаргу, абаронца сваёй малой радзімы, вёскі, дома, уласнасці, маёмасці. Яго ворагам былі тыя, хто рабіў на гэта замах. Са зброяй у руках ён змагаўся супраць захопнікаў.

Гісторыя антынямецкай і антыпольскай партызанкі даволі дэталёва распрацавана ў беларускай гістарычнай літаратуры. У значна меншай ступені даследавана праблема антысавецкага руху. Яна была схавана за крымінальнымі выразамі і жорсткімі палітызаванымі і ідэалагізаванымі штампамі. Згодна з класавым падыходам гэтай праблеме, па сутнасці, было адмоўлена ў аб'ектыўным разглядзе і адпаведнай гістарычнай ацэнцы.

Першымі аб падзеях напісалі непасрэдныя ўдзельнікі, чырвоныя камандзіры, пераможцы. Яны прапагандавалі вопыт ваеннай і палітычнай барацьбы з міжнароднай контррэвалюцыяй і бандытызмам, аналізавалі планы савецкага камандавання і ход ваенных падзей, прычыны і характар паўстанняў, сацыяльны склад партызанкі, яе дзеянні. Параўноўваючы з літаратураю наступных гадоў, творамі прафесійных гісторыкаў, трэба адзначыць факталагічную і нават ацэначную каштоўнасць першых прац (2).

Упершыню тэрмін “бандытызм” з'явіўся на старонках гэтых публікацый, але яму далі выразнае і змястоўнае тлумачэнне. Пад бандытызмам разумеліся сялянскія паўстанні і партызанка, скіраваныя супраць савецкай улады (3). Вайскоўцы былі пазбаўлены палітычных сантыментаў, называлі рэчы сваімі імёнамі.

Потым амаль на 25 год тэма знікала, як і шмат іншых праблем гісторыі. Праўда, ў 1932 годзе з'явілася кніга А.Зіміёнкі “Оккупация и интервенция в Белоруссии”, закрануўшая праблему супраціву, але, па сутнасці, аўтар выкарыстаў справаздачу аб барацьбе з бандытызмам са зборніка “Советская Белоруссия” (Мінск, 1922). Ажыццяўленне шырокіх рэпрэсіўных мераў на вёсцы - галоўны змест гэтага матэрыялу.

Яшчэ больш выразны негатыўны характар набылі ацэнкі сялянскага руху ў дысертацыі А.Сідарэнкі. Цікава, што ён ужываў тэрмін “сялянская вайна”, як быццам не звяртаючы ўвагі на яго шырокі ўсеабдымны сэнс. Калі “бандытызм” і “бандыты” - з'ява не тыповая ва ўмовах агульнай задаволеннасці новай уладаю,дык чаму падзеі набіраюць маштаб вайны? На гэта ў згаданнага аўтара няма адказу (4).

З пачатку 1960-х - часу максімальнага пацяплення - і да канца 1970-х гадоў выходзіць большасць літаратуры па праблемахразглядаемага перыяду, друкуюцца зборнікі дакументаў і матэрыялаў, мемуары, раманы і аповяды, біяграфіі “усміральнікаў” і г.д. (5).

Гэты перыяд па-свойму вельмі плённы: у пазнавальны абарот ўвайшлі розныя тыпы крыніцаў і многія раней невядомыя факты, гісторыкі зрабілі максімум магчымага ў асэнсаванні прычын і вынікаў, наколькі дазваляў тагачасны партыйна-ідэалагічны дыктат. З гэтых прац вынікае, што:

- па беларускай вёсцы пасля Кастрычніка пракацілася хваля сапраўднай “кулацкай” (дакладней, сялянскай) вайны;

- барацьба за ажыццяўленне ідэі Беларускай Народнай Рэспублікі была палітычнай платформай руху супраціву.

Пэўным чынам, вынікам развіцця праблемы ў рамках класавага падыходу можна лічыць працу А.Г.Хахлова. Нягледзячы на цалкам адмоўныя палітычныя (не гістарычныя) ацэнкі, кніга з'яўляецца каштоўнай крыніцай фактаў, якія сабраў і абагульніў аўтар. Цікава, што яны з'яўляюцца вельмі красамоўным сведчаннем. Свядома ці не, але аўтар дае магчымасць уважліваму чытачу ўявіць моц народнага супраціву. Такім чынам, здабыткі савецкай гістарыяграфіі, калі не закранаць ацэначнага боку, не згубілі сваёй каштоўнасці і цяпер (6).

Другая палова 1980-х - 90-х гадоў унесла пэўныя змены і дыферэнцыяцыю ў распрацоўку темы нацыянальна-дэмакратычнага руху. У навуковы ўжытак былі ўведзены матэрыялы мясцовых архіваў; тэма набыла выразна нацыянальны характар. Антысавецкая барацьба небальшавіцкіх (непралетарскіх) партый разглядаецца як самастойная палітычная з'ява, а не як частка ці працяг белага руху. Дастаткова грунтоўна прадстаўлены нацыянальна-дэмакратычны рух і гісторыя палітычных партый у гады грамадзянскай вайны, лёсы арганізацый і кіраўнікоў антысавецкага руху (7).

У гэтыя гады назіраецца ўсплёск цікавасці да гісторыі Слуцкага паўстання, як найбольш важнай і яскравай падзеі беларускага антысавецкага супраціву. На фоне глабальных геапалітычных зменаў пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя, з'яўлення на палітычнай мапе незалежнай Рэспублікі Беларусь, цікавасць да гісторыі змагання за дзяржаўнасць і незалежнасць краіны абсалютна натуральныя. Тэма выявіла дыяметральна розныя падыходы, палітычныя перавагі і памкненні, актуалізавала пошукі новых крыніцаў (8).

У апошнія гады апусціліся архіўныя бар'еры, праца ў архівах прынесла новыя веды, мноства каларытных фактаў і падрабязнасцей. Гэта кардынальна змяніла якасць нашых ведаў пра тую эпоху.

У чым крыюцца прычыны сялянскага ўздыму? Што прывяло вёску ў раз'юшаны стан? Чаму селянін, творца па сваёй натуры, чалавек, якога трымае зямля, адарваўся ад яе, схапіўся за зброю? Шмат нявырашаных пытанняў пакінула тая пераломная эпоха.

Крыніцы, заўвагі:

1. Архіў КДБ РБ. Крымінальныя справы Ю.Лістапада, П.Бабарэкі, Ф.Арціховіча, А.Маркевіча і інш.

2. Кудрявцев Н. Борьба с Булак-Булаховичем //Революция и войны, 1920. - № 3; Ягодкин В. Бандитизм на Западном фронте //Пропагандист, 1921. - № 1; Венцов С.И. Бандитизм в Белоруссии и организация борьбы с ним //Красная армия, 1921. - № 9; Какурин Н.Е. Организация борьбы с бандитизмом по опыту Тамбовского и Витебского командования //Военная наука и революция, 1922. - № 1; Тухачевский М.Н. Борьба с контрреволюционными восстаниями //Война и революция, 1926. - № 7, 8, 9; Пухов Г.С. Бандитизм и борьба с ним на Западном фронте //Толмачевец, 1926. - № 5-6.

3. Тухачевский М. Борьба с контрреволюционными восстаниями //Война и революция, 1926. - Кн.9. - С.11.

4. Сидоренко А.И. Классовая борьба в белорусской деревне в первый год восстановительного периода (1921 г.) /Диссертация. - Мн., 1950.

5. Игнатенко И.М. Переход к нэпу в Гомельской губернии //Уч.зап.БГУ, вып.22, сер.историческая. - 1955; Шкляр М.С. Борьба Компартии Белоруссии за укрепление союза рабочего класса и трудящегося крестьянства в восстановительный период (1921-1925 гг.). - Мн., 1960; Круталевіч В.А. Без народнай апоры //Полымя, 1967. - № 2; Ён жа. От войны к миру //Нёман, 1968. - № 3, 4; Козлов В.С. Политорганы РККА в борьбе за упрочение Советской власти в Белоруссии (окт.1920-1922 гг.). /Автореф. дисс... на соиск.науч.степ.канд.ист.наук. - Л., 1972; Мухачёв Ю.В. Провал “новой тактики” российской контрреволюции во время перехода к нэпу (1921-1922 гг.) /Автореф. дисс... на соиск.науч.степ.канд.ист.наук. - М., 1978; Сташкевіч М. Непазбежнае банкруцтва. - Мн., 1974; Ён жа. На защите идей Октября. Из истории идейно-политической борьбы в Белоруссии в годы гражданской войны (1919-1920 гг.). - Мн., 1978; Хохлов А.Г. Коммунистические части особого назначения в Белоруссии - Мн., 1974; Петриков П.Т. Ревкомы Белоруссии. - Мн., 1975; Селіванаў А.А. Гістарычная літаратура аб барацьбе за савецкую ўладу ў Беларусі (1950-1877 гг.) //Весці АН БССР. Сер.грамад.навук, 1978. - № 6; Почанин С.З. Историей обречённые. - Мн., 1977 і інш.

6. Хохлов А.Г. Крах антисоветского бандитизма в Белоруссии в 1918-1925 годах. - Мн., 1981.

7. Сташкевич Н.С. Идеологическая работа большевиков Белоруссии в годы гражданской войны (1919-1920 гг.) /Автореф.дисс. учен.степ.канд.ист.наук. - Мн., 1973; Он же. На пути к истине: Из истории национально-освободительного движения в Белоруссии. 1917 год. - Мн., 1983; Он же. Приговор революции: Крушение антисоветского движения в Белоруссии. 1917-1925. - Мн., 1985; Он же. Общественное движение в Белоруссии: основные идейные течения и партии /Автореф. дисс. д-ра ист.наук. - Мн., 1990 г.; Михнюк В.Н. Антон Луцкевич: материалы следственного дела НКВД БССР. - Мн., 1997; Ладысеў У., Брыгадзін П. Рада БНР пасля Рыжскага дагавора 1921 г., ці канец нацыянальнага рамантызму //Беларускі гістарычны часопіс. - 1997. - № 1; Брыгадзін П., Ладысеў У. Іменем беларускага народу... //Бел.мінуўшчына. - 1997. - № 2.

8. Грицкевич А.П. Вакол“Слуцкага паўстання”, - Мн., 1987; Ён жа. Крушение коварных планов //Вечерний Минск. - 1988. - 20 октября; Ён жа. Слуцкае паўстанне //Спадчына, 1993. - № 2; Ён жа. Пра падзеі на Случчыне ў 1920 г. //Слуцкі край. - 1992. - 5, 9, 16 снежня; Ён жа. Слуцк. 1920. Збройны чын у барацьбе за незалежнасць //Добры вечар. -1992. - 1, 2, 4 снежня; Лістраценка З. Сведчаць падзеі //Слуцкі край. - 1992. 23 снежня; Соловьёв А. Семи хозяевам служа //Слуцкі край. 1993. - 8 снежня; Он же. Слуцк. Ноябрь 1920 //Советская Белоруссия. - 1992. - 24 ноября; Сазонаў А. Слуцкі збройны чын //Слуцкі край. - 1993. - 28 лістапада; Тургай У.В. Слуцкае паўстанне: арганізатары і ўдзельнікі //Мінская праўда. - 1994. - 20, 22 снежня; Цімкевіч У. Калі б без ваяўнічасці //Слуцкі край. - 1992. - 5 снежня і інш.

Версия для печати
Powered by
SAPID CMS